Памяці Алены Кобец-Філімонавай

Алена Рыгораўна Кобец-Філімонава
Алена Рыгораўна Кобец-Філімонава

Усяго год, як яна пакінула Мінск. Каб не быць самотнай, перасялілася жыць побач з сынам Дзмітрыем Філімонавым — у свой час вядучым папулярнай беларускай тэлеперадачы "Крок". Перад ад'ездам ёй была задумана кніга ўспамінаў пра дзяцінства, праведзенае ў акупаваным Мінску. Асобныя артыкулы з кнігі пабачылі свет у расійскім часопісе "Русский пионер". Кніга чакае свайго выдаўца.

За сваё жыццё Алена Рыгораўна напісала больш за дзясятак кніг. Асаблівую вядомасць ёй прынеслі кнігі пра Хатынь ("Жаворонки над Хатынью" і "Распятая Хатынь"), а таксама кніга "Калі ўцякала сонца" (пра творчасць, жыццё і пакуты яе бацькі, вядомага беларускага драматурга і сцэнарыста пачатку 1930 гадоў мінулага стагоддзя Рыгора Кобеца). Ва ўсіх сваіх творах пісьменніца была гранічна шчырай, гаварыла словам праўды. Не аднойчы яна выступала ў беларускай прэсе як выдатны палеміст.

Тыя, хто ведаў Алену Рыгораўну, назаўсёды захаваюць памяць пра гэту сумленную жанчыну.

Віктар Хурсік

 

 ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Алены Рыгораўны.   

novychas.info