Памяці Ўладзімера Конана

Уладзімер Конан не жыве. Яшчэ адзін сьветлы чалавек Беларусі адышоў у
іншы сьвет назаўсёды. Зрэшты, адышла толькі яго прысутнасьць. Ён
застанецца ў нашай культуры, філязофіі і культуралёгіі як адкрывальнік і
тлумачальнік прыгожай праўды разьвіцьця беларускага эстэтычнага духу.
Конан ня толькі дасканала раскрываў сутнасьць беларускай эстэтыкі і
культуры, ён пісаў “класна”, паказваў прыгожы ўзровень думкі.
Я ведаў яго з 60-х гадоў, з часу выданьня першых ягоных прац па
беларускай эстэтыцы. Гэта быў ясны сумленны беларускі розум. У яго не
было абсалютна ніякага налёту саветызму. І за саветамі ён думаў і
паводзіў сябе як вольны беларус, прадстаўнік эліты нашай інтэлігенцыі.
Гэта быў вельмі сьціплы і сымпатычны чалавек зь ціхім голасам і
задуменным позіркам, павернутым унутр самога сябе, як бывае ў людзей
рамантычнай душы. Як чалавек, як асоба ён заўсёды чымсьці нагадваў мне
мае ўяўленьні пра Максіма Багдановіча. І думаю, што маё адчуваньне мяне
не падманвала.
Бывай, дарагі Валодзя! Можа там вы спаткаецеся разам... Там, ля сіняй бухты, у краіне сьветлай...
Зянон Пазьняк
6 чэрвеня 2011 г.