Памяць Анатоля Сыса ўшанавалі на Гомельшчыне

15 кастрычніка — з удзелам вучняў 6-х класаў САШ №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі, 17 кастрычніка — вучняў 9 класа Гімназіі г. Веткі, 20 кастрычніка — студэнтаў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Сустрэчы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

— З чаго пачаць?.. Пачну з Радзімы.

Так абавязаны пачаць...

— Але ў яе ты не адзіны,

Навошта пра любоў крычаць?

Паэзія Анатоля Сыса — той звон, які ачышчае духоўную прастору Беларусі, уваскрашае памяць пра яе лепшых сыноў і дачок. Пра гэта, і не толькі, вялася размова падчас літаратурных сустрэч, наладжаных Ларысай Раманавай і Генадзем Лапаціным — сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Адбылася відэапрэзентацыя, у змесце якой — фотаздымкі паэта, зробленыя ў розныя гады, аўдыёзапіс: Анатоль Сыс чытае верш “Маналог “Тутэйшага”на мітынгу, які адбыўся на пачатку 1990-х гадоў у Мінску.

Удзельнікі сустрэч мелі магчымасць убачыць кнігі Анатоля Сыса: “Агмень”, “Пан Лес”, “Сыс”, “Лён”, “Алаіза”, таксама — кнігу “Ягамосць” — вершы-прысвячэнні Анатолю Сысу. Была прэзентавана кніга “Сучасная беларуская паэзія: для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / укл. Алеся Лесавіка; прадмова Любові Гарэлік. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. — 526 с. (Школьная бібліятэка).

Вершы Анатоля Сыса ў наш час вывучаюцца ў агульнаадукацыйных установах Беларусі. У гэтай кнізе размешчана 46 ягоных вершаў. Варта ўдакладніць, што гэтае выданне — дапаможнае, творы, якія ёсць у хрэстаматыі, рэкамендаваны для чытання і вывучэння. Відаць, не за гарамі — той час, калі вершы Анатоля Сыса будуць уключаны ў школьную праграму для абавязковага вывучэння.

Анатоль Сыс, як мала хто з сучаснікаў, любіў Беларусь, з вялікай увагай ставіўся да кожнага знаёмага і незнаёмага чалавека. У часы вучобы і працы імкнуўся прачытаць усе літаратурныя творы, напісаныя на беларускай мове. Меў свой, асаблівы падыход да людзей.

Яўген Рагін, наш зямляк, карэспандэнт газеты “Культура” (г. Мінск) згадвае далёкі 1984 год — час, калі разам з Анатолем Сысам працаваў у газеце “Перамога Кастрычніка” (такую назву мела наша “раёнка”):

“Ветка. Пачатак 80-х. Я — загадчык сельгасаддзела райгазеты “Перамога Кастрычніка”. Тэлефанаванне ўвечары: “Я беларускі паэт Анатоль Сыс, хачу ў вас працаваць.” І працаваў. Не доўга, недзе з год, а начаваць ездзіў у Гомель, ва ўніверсітэцкі інтэрнат. Чым ён тады здзівіў? Уседлівасцю ды адказнасцю. Рэдактар пастаянна патрабаваў ад нашага аддзела праблемных тэматычных артыкулаў. Ды каб пісалі іх не толькі мы, журналісты, але і пазаштатныя аўтары.

Апошняе заданне было такім: прымусіць пазаштатнікаў (загадчыкаў мехдвароў і гаражоў, старшынь калгасаў і дырэктараў саўгасаў) падрыхтаваць серыю публікацый пра інжынерныя  рацыяналізатарствы ды вынаходніцтвы. Заданне яшчэ тое. Усе разам саштурхнулі яго на беларускага паэта. Думалі, дуба дасць паэт. Але... Сеў Толя ціхенька за тэлефон і штосьці з тыдзень нудна мармытаў у слухаўку. А потым з месяц цягнуліся да яго сугнеістыя дзядзькі ў драпавых палітонах з зашмальцаванымі партфелямі, перадавалі стосікі камечаных спісаных папер. Я і па сёння не ведаю, як усё гэта атрымалася ў толькі што “спечанага” карэспандэнта сельгасаддзела. Але серыя артыкулаў падалася тады вельмі годнай ды разумнай....

А яшчэ — разам з Сысам боўталіся па раёне, бралі інтэрв’ю ў даярак ды камбайнёраў, бегалі ў знакамітую нашу кнігарню, багатую на дэфіцыты (якая да пачатку 1990 гадоў размяшчалася ў памяшканні цяперашняга бара “Маскоўскі” — Л.Р.)... Быў тады Сыс, дарэчы, ціхмяным, крыху дзіўнаватым, не курыў і чарку амаль не браў, размову з любым незнаёмым пачынаў з фразы “Што параіш пачытаць?”.... Фізічнае, штодзённае адчуванне: жыву цяпер за тых, каго ўжо няма побач і з кім столькі гадоў ламаў і еў нялёгкі журналісцкі акраец. За Ялько, Чумакова, Стрыжака, Пісьмянкова, Гаўрона, Сыса... А мо таму і жыву? Яны зараз расказваюць анёлам показкі і выпускаюць для апраметнай чарговую баявую насценгазету. А я стагну па начах: “Хлопцы, ды няма ўжо ніякіх сілаў!” (Часопіс “Дзеяслоў”,  № 4, 2014 г.)

Анатоль Сыс добра ведаў Веткаўшчыну. Прыязджаў сюды і пазней, у 1998 годзе — у в. Янова і Стаўбун — на Ушэсце, у дзень Ваджэння і пахавання Стралы, а таксама ў 2003, 2004 гадах. Невыпадкова  ў  яго вершы згадваецца Неглюбка:

                                           Ластаўка

Ластаўка, так даўно ты не лётала,

павуціну крылом не ткала,

правым ля Неглюбкі, левым ля Моталя,

з любым, ластаўка не балявала

 

так даўно, так даўно, так даўно,

што аж неба з-за слёз не відно.

 

Ластаўка,

ты ніколі не бачыла,

дык пабачыш, якая смерць...

Снег з Расейшчыны, дождж з Паляччыны —

будзе целу ў душы балець,

 

ластаўка.  

Радзіма, паводле вершаў Анатоля Сыса, перадусім — з кнігі “Агмень”, гэта маці, бацька, Дняпро, “горад-герой Гарошкаў” (так ён называў сваю родную вёску). Маці паэта, Марыя Іванаўна Сыс, некаторы час працавала настаўніцай Гарошкаўскай пачатковай школы, ведала напамяць многія вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа. “А вы ж самыя ўсё жыццё вучылі мяне: не абміні  гаротніка!”  — паўтарае словы бацькоў паэт (верш “Нізка абаранкаў”). І таму — “Мая хата — без сяброў не хата...”, “Сто разоў па сябрах бедаваў я самотна...” ды інш. (А.Сыс).

Сямейнае выхаванне, акрамя ўсяго іншага, аказала вялікі ўплыў на творчасць і жыццё паэта. Сведчаннем таму — многія вершы, у якіх Анатоль Сыс ставіць знак роўнасці паміж маці і Радзімай. Ягоныя вершы, прысвечаныя роднай маці — адны з самых пяшчотных і кранальных у беларускай паэзіі 20-21 стст.

“Калі ты — шчыры, ты — моцны!”, — такой была жыццёвая пазіцыя Анатоля Сыса. Яго паэзія напоўнена сапраўднымі прыроднымі стыхіямі  — ветрам, навальніцай, агнём, дажджом. “Паэт любіць буру!” — усклікваў Анатоль і раскрываў вокны ў доме перад пачаткам навальніц. Параўноўваў сябе з агнём падчас стварэння верша... Прадбачыў вясёлку, якая з’явілася ў нябёсах — над Дняпром і Гарошкавым  — у той момант, калі труну з яго целам выносілі з бацькоўскай хаты,  і бясконцы дождж, якім развітвалася прыродная стыхія з паэтам у Мінску.

“Будзьма!” — назва аднаго з вершаў Анатоля Сыса. Гэтае слова валодае моцнай энергетыкай. Жыццясцвярджальнай энергетыкай напоўнены падарункі, якія атрымалі школьнікі, студэнты ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” — сувеніры, паштоўкі, ды інш.

“Экстрасенс” (жартам і ўсур’ёз — так іншы раз казаў пра сябе паэт Анатоль Сыс) верыў у зорную будучыню Беларусі. Нам застаецца спраўдзіць яе.

Ларыса Раманава, ул. інф. Гомельскага абласнога аддзялення СБП