Памяць. Быць можа, ён сярод нас? Міколу Федзюковічу – 70

Мікола Федзюковіч

Ён нарадзіўся 22 мая 1943 года, калі над краінай яшчэ палыхала полымя вайны. У жыццё “ўзляцеў” з вёскі Гутава (Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці) з беднай сялянскай сям’і, як птах з апаленымі крыламі. Душэўныя раны не зажывалі на працягу ўсяго пакручастага шляху. У яго першым зборніку “Зямля – магніт” гэта прагучала пранізліва ў вершы “Балада пра буслоў”:

Ад пажару

аблокі,

як сцены,

крышыліся.

Я стаяў нерухома

на чорным дзядзінцы…

Прыляталі буслы –

і бяссільна кружыліся

над маім трохгадовым,

         пякельным дзяцінствам.

……….

Бацька мёртвы…

Трываць немагчыма…

І раней,

і пасля,

колькі помню я выраяў,

вырай той –

самы жудасны вырай…

Адкуль асобным людзям даецца паэтычны талент – загадка? Кажуць, ад Бога. Напэўна, так. Але навошта? З гэтым жа дарам жыць няпроста. Часам пакутліва да невыноснасці. Вядома, калі ты сапраўдны паэт. Хаця… зрэдчасу здараецца і эйфарычны палёт душэўных пачуццяў. Тады сняцца прыгожыя каляровыя сны, у якіх творцы лятаюць над пяшчотнай зямлёй і фантазія нараджае неверагодныя мары.

Так буду жыць.

Ні славы,

ні праклёнаў.

Да скону верны жонцы

і пяру,

Да скону у Радзіму улюблёны.

Быць можа,

я ніколі не памру.

Наіўнасць? Легкаважкі пафас? Ды не! Наконт бясконцага жыцця магчыма і занадта смелы вобраз, а ва ўсім астатнім – ён, Мікола Федзюковіч, сціплы чалавек і творца, мэтанакіраваны, руплівы шукальнік надзейнага і справядлівага ў жыцці.

Мікалай Мікалаевіч быў вельмі адказным на працы. І не таму, што баяўся начальства, а таму, што меў такі – паляшуцкі – характар і склад душы. Абы-як да сваіх абавязкаў адносіцца проста не мог, бо не дазваляла сумленнасць. Не сумняваюся, не ў мяне аднаго ў архівах назбіралася шмат ягоных паведамленняў пра пасяджэнні літаратурных аб’яднанняў з прапановамі дасылаць новыя творы ў рэдакцыі і на радыё, з паведамленнямі пра ўдзел вядомых літаратараў. Часам на рэдакцыйных бланках “Звязды”, “Чырвонай змены” і іншых выданняў, дзе працаваў, ён пісаў пісьмы-карацелькі, у якіх цікавіўся ветліва жыццём і творчасцю, даваў парады, рабіў заўвагі. Ведаю добра, колькі асабістага часу ён аддаваў на добразычлівую дапамогу пачынаючым аўтарам, не баяўся адстойваць іх творы…

На рабочым стале, у шуфлядках, у шафах ён імкнуўся падтрымліваць належны парадак. Аднак, напрыклад, у сваёй маленькай кватэрцы на Грушаўцы, у якой жыла і ягоная хворая маці, гэта ўдавалася з вялікай цяжкасцю. У Міколы была багатая бібліятэка, якая наркатычна папаўнялася новымі кнігамі, часопісамі і шматлікімі газетамі. Паэт не шкадаваў грошай на падпіску, яму хацелася не прапусціць літаратурныя навіны, апошнія падзеі ў свеце. Не магу сказаць, ці ўсё яму ўдавалася прачытаць, прааналізаваць. Відаць, нешта адкладвалася на потым і накаплялася. Хто быў у ягонай кватэры, павінен помніць мноства стопак перыёдыкі, якія не ўмяшчаліся ні на сталах, ні на кніжных палічках, ні ў шафах ці на іх, таму займалі вялікую плошчу на падлозе. На дзіва хутка яму ўдавалася адшукваць патрэбнае выданне – ці ў памяці трымалася, ці была нейкая свая методыка.

Такі ж класічны парадак і акуратнасць прыўносіліся ім і ў творчасць. Ён вучыўся ў класікаў шліфаваць дадзены з іншага вымярэння талент, адшукваючы ў слоўніках нечаканыя вобразы, формы, рыфмы. Мікола вучыўся ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага, жыў у адным пакоі з вядомым расійскім паэтам Юрыем Кузняцовым. Несумненна, расійская паэзія зрабіла на яго вялікі ўплыў. Але было б памылковым акцэнтаваць гэта. Можна пераканацца ў адваротным, зазірнуўшы ў пасмяротны зборнік “Красадзён” – у раздзел перакладаў.

Дарэчы, пра “Красадзён”. Да гэтай кнігі паэт ішоў доўга і пакутліва. Ён выношваў у сэрцы назву, карпеў над вершамі, асвойваў форму санетаў. Крыўдзіўся, што некаторыя самаўпэўненыя рэдактары раздзялялі назву на дзве часткі – краса дзён. На самай жа справе гэта была адшуканая ім ягоная “шыпшына”, “папараць-кветка”, якую слоўнікі тлумачаць як шматгадовую травяністую расліну сямейства лілейных, якая на пачатку лета цвіце прыгожымі ярка-аранжавымі кветкамі. Адкрыццё гэтай не надта вядомай расліны-кветкі для паэта мела вельмі і вельмі важны, загадкава-сакральны сэнс.

Ён адчуваў блізкую смерць, шмат пісаў пра яе ў вершах. Кажуць, вёў спіс вядомых асобаў, якія пайшлі з жыцця менавіта ў тым узросце, у якім і яму было наканавана адысці ў іншы свет: на 54-м годзе 8 студзеня 1997-га на Ражство Хрыстова…

З кнігай “Красадзён” шмат незразумелага. Рукапіс, са слоў жонкі паэта Алены Аляксандраўны, таямніча знік ці то незадоўга да смерці, ці ў час пахавання. Аднаўляць давялося па чарнавых экзэмплярах, запісах і па памяці. Зборнік удалося выдаць, дзякуючы руплівасці Віктара Гардзея, у 2009 годзе ў “Мастацкай літаратуры” праз трыццаць гадоў пасля апошняй прыжыццёвай кнігі “Макаў цвет”.

…Я пісаў ужо ў сваіх артыкулах пра верш, у якім паэтам на самым пачатку творчага шляху напрарочаны і асабісты лёс, і лёс знакамітай зямлячкі Яўгеніі Янішчыц. Нейкая таямнічая сіла падштурхоўвае зноў яго нагадаць чытачам:

Прачыналася рэчка Ясельда

і цякла ў старажытны бор…

Павандрую –

і зноўку я сюды

прынясу маёй страты боль.

Не сунімецца боль

ад дотыку

хвалі ціхай –

нібы сляза…

Пачыналася песня з досвітку

ў барадатых,

сівых лясах.

О дачка задуменнай вернасці –

Ясяльдзянка з касой-красой,

я не веру,

што ты

не вернешся

ў гэта мудрае хараство.

А паверу –

дык песняй раненай

на гарачы ўпаду абрус…

Захвалюецца рэчкай ранішняй

у вачах маіх

Беларусь.

Мікола праз нейкі час пасля нечаканай і не надта зразумелай смерці паэткі апублікаваў верш у “Народнай газеце”, перарабіўшы асобныя дэталі, абазначыў, каму менавіта ён прысвячаў твор. А потым і сам памёр за сталом, упаў на “гарачы абрус”… Яшчэ раз перачытайце прарочыя радкі, прааналізуйце жыцці Янішчыц і Федзюковіча, задумайцеся. Гэта вам не “Я памятник себе воздвиг нерукотворный”…

Сёлета яму было б сем дзясяткаў. Ужо пятнаццаць гадоў немагчыма адчуць далікатны поціск ягонай цёплай рукі, зазірнуць то ў самотныя, а то ў лагодна-гарэзлівыя вочы, убачыць прыемна-ветлівую ўсмешку. З ім было цікава размаўляць пра паэзію, пра жыццё. Здаралася, за гаворкай не заўважаўся час. Вось адна з запісак маёй жонцы: “Паважаная Вольга! Пішу табе, шаноўная, раніцай, 19 – у Дзень Вялікага Спаса. Даруй, калі ласка, што я затрымаў Івана, ён невінаваты. Ён пераначаваў у нас. Малайчына. Да сустрэчы. Мікола Федзюковіч. 6 гадзін раніцы 19.08.89 г.”

 

Тады ж ён падпісаў мне двухтомнік Марыны Цвятаевай. А крыху раней падарыў зборнік Мікалая Глазкова, сказаўшы, што гэты паэт павінен мяне зацікавіць сваімі іранічнымі творамі. Адначасова дадаў кнігу пра творчасць гэтага аўтара. Гартаю старонкі тых і іншых падораных – і ўспамінаю ягоную шчодрасць.

Прыпамінаецца і адна з прагулак па Грушаўцы, калі Мікола распавядаў мне з захапленнем пра творчасць Паўла Васільева, Барыса Карнілава, Яраслава Смелякова і цытаваў сваім гучным голасам, забыўшыся на прахожых, радкі Смелякова:

Мы шли втроем с рогатиной на слово

и вместе слезли с тройки удалой –

три мальчика,

три козыря бубновых,

три витязя бильярда и пивной.

Напэўна, ён адчуваў сябе таксама віцязям, калі бываў у кампаніі самых сваіх паважаных, лепшых сяброў: таленавітых Міхася Стральцова і Яўгена Крупенькі. Як ён любіў пра іх расказваць, як ганарыўся гэтым сяброўствам! І фатальна прадказваў, што, відаць, памрэ ў 53, як і Яўген. Чамусьці часам паказваў здымкі з іншымі сябрамі-літаратарамі, якіх ужо не было на гэтым свеце, і прарочыў амаль з нейкай упэўненасцю і наканаванасцю свой лёс. Адкуль такая запраграмаванасць і містычнае чаканне – загадка.

І апошняе. На жаль, яшчэ можна купіць “Красадзён” у кнігарнях, хаця прайшло пасля выдання каля трох гадоў, а тыраж усяго 1500 экзэмпляраў… Такія цяпер адносіны да паэтаў, да таленавітага ўзнёслага слова…

Аднак мне ўвесь час здаецца, што Мікола Федзюковіч тут, сярод нас. Хочацца верыць: у наступных, пакуль невядомых нам стагоддзях (хацелася б: дзесяцігоддзях), нашчадкі ўсё-такі ўспомняць пра сваіх папярэднікаў. І паэтычная спадчына нашага юбіляра, як і многіх іншых творцаў, будзе запатрабавана, і прарочымі акажуцца словы пра несмяротнасць.

Янусь Малец, для lit-bel.org