Памяць Якуба Коласа ўшанавалі ў Мінску

Каля трыццаці чалавек прыйшлі 12 жніўня пад вечар на магілу народнага паэта Якуба Коласа, аўтара паэтычных шэдэўраў «Новая зямля» і «Сымон-музыка», знакамітых палескіх аповесцяў, «Казак жыцця», апавяданняў і вершаў, якія сталі нацыянальнай класікай.

Кветкі на магілу песняра ўсклалі празаікі і паэты, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі сям’і Якуба Коласа, навукоўцы і супрацоўнікі сталічных музеяў.

Падчас памінальнага мітынгу дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская нагадала, што сёлета споўнілася 90 гадоў выхаду ў свет паэмы «Новая зямля»:

«Яна па сённяшні дзень гучыць і цікавая ўсім, не аднаму пакаленню. Гэтую паэму параўноўваюць з сусветнымі шэдэўрамі».

«Прыходзячы сюды, мы прыходзім не толькі пакланіцца Коласу, — зазначыў паэт Навум Гальпяровіч. — Мы прыходзім казаць пра тое, што ён прысвяціў сваё жыццё нашай роднай культуры, нашай роднай мове і ўсяму таму, што вызначае сёння Беларусь і беларусаў у свеце. Якуб Колас даў нашай мове новае высокае гучанне. Яго творы навучылі нас любіць роднае слова, бачыць усю яго сакавітасць і яркасць. Мы хочам быць вернымі гэтаму запавету — любіць родную мову і размаўляць на ёй. І гэта тычыцца не толькі пісьменнікаў, але і кожнага культурнага чалавека. Любіць свой край — гэта значыць любіць родную мову. І мы даём справаздачу аб тым, што мы нясём гэтае слова, выкарыстоўваем яго і будзем яму верныя».

svaboda.org