Паміж горадам і вёскай. Марына Весялуха пра Андрэя Федарэнку

Ён не містыфікуе чытача, не гуляе з ім і не ўзвышаецца, спекулюючы на тым, што ведае пра сваіх герояў і сюжэт нашмат больш, чым тыя, хто толькі што ўзяў у рукі кнігу і пачаў чытаць. Ён проста і няспешна распавядае сваю гісторыю. Без маралізатарства, але з адпаведнымі сэнсавымі акцэнтамі. Напэўна, па гэтых прычынах пісьменніка вельмі любяць і чытачы, і даследчыкі літаратуры, а выхад кожнай яго новай кнігі становіцца сапраўднай падзеяй. Сціплай, ды значнай. Бо сам аўтар не любіць шумных прэзентацый і голасных прамоў. Навошта казаць — за яго лепш скажуць творы.

Усе гэтыя рысы актуальныя і для новай кнігі Андрэя Федарэнкі “Ціша”, што не так даўно выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У зборнік увайшлі дзве новыя аповесці і некалькі кароткіх апавяданняў, якія былі напісаны аўтарам у розныя гады. Думаецца, у межах адной публікацыі варта засяродзіцца менавіта на загалоўнай аповесці.

Твор з назвай “Ціша”, цэнтральны для кнігі, пераносіць чытача ва ўмоўнае беларускае мястэчка Чэшская Слабада. Гэта ўжо не зусім вёска, але яшчэ не горад. Жыхары Слабады маюць уласныя хаты, агароды, гадуюць свойскіх жывёл, аднак, выйшаўшы на ўскраек вёскі, бачаць высокія дамы горада. Мець кватэру ў таксама ўмоўным “мікрараёне” — мара мясцовых, яшчэ большая мара — жыць у цэнтры горада. Тут, у слабадской цішы разам з маці і бабуляй жыве хлопчык Петрык. Ён гуляе з сябрамі, ходзіць у школу, паступова расце і сталее. Вачыма Петрыка мы бачым асноўныя падзеі аповесці. Менавіта ён сам сабе (але заадно і чытачу) задае самыя важныя пытанні: чаму бацька не можа жыць з імі, а працуе і падарожнічае дзесьці на Поўначы? Чаму бацька ўсё жыццё варагуе-спаборнічае з братамі? Чаму смерць Брэжнева для некаторых людзей (а менавіта герояў аповесці) становіцца большай трагедыяй, чым сыход уласнай маці ў лепшы свет?

“Ціша” — назва сімвалічная. Гэта і ўмоўная цішыня мястэчка, якое яшчэ не праглынуў горад, і цішыня ў доме, якая наступае пасля смерці роднага і блізкага чалавека (у дадзеным выпадку бабулі Петрыка), і мянушка сабачкі, які жыве ў гарадской кватэры дзядзькі. Аўтар нездарма ўводзіць у сюжэт гэтую маленькую гераіню. Для дзядзькі Ціша — амаль цэнтр свету, самая блізкая і важная істота. Гэта падавалася б натуральным, калі б ён быў надта адзінокім чалавекам, але ў яго ёсць жонка, дачка, браты і маці.

Аповесць “амаль пра вёску” і па традыцыі, што ўжо склалася ў нашай літаратуры, — “амаль пра вайну”. Не, тут няма згадкі баявых дзеянняў, не гаворыцца наўпрост, што нехта з герояў ваяваў, але ёсць развагі пра тое, як сёння (дакладней, у 1980-я, у час расповеду) вайна адгукаецца ў лёсах простых беларусаў. Справа ў тым, што дзядуля Петрыка загінуў на вайне. Але загінуў “няправільна”: ён памёр ад сардэчнага прыступу, калі падчас абароны Слабады атрымаў магчымасць забегчы ў родны двор і абняць дрэўца, якое некалі сам садзіў. Пахаваны ён таксама “няправільна”: не ў брацкай магіле, разам з салдатамі, а на вясковых могілках, пад звычайным драўляным крыжам. З-за гэтай адметнасці бабулю Петрыка на некаторы час нават пазбаўляюць спецыяльнай грашовай дапамогу ўдовам салдат, бо яна адмаўляецца пераносіць прах мужа ў брацкую магілу, пад вялікі помнік.

Вельмі важна, што хлопчык знаходзіць сабе добрага настаўніка. Леанід Міхайлавіч, сусед дзядзькі Стаха, становіцца для Петрыка блізкім сябрам і дарадцам. А для аднакласнікаў — нагодай для зайздрасці і прыкметай нейкай “хітрасці” хлопчыка. Шкада, што ў наступным навучальным годзе настаўнік не будзе больш працаваць у школе. Петрык застанецца амаль адзін. Толькі з маці.

Цікава назіраць за тым, як расце і сталее Петрык, чытаць яго разважанні пра дарослае жыццё і тыя прынцыпы, якімі ён сам кіруецца, прымаючы нейкія рашэнні. Ён разумны, ветлівы і дапытлівы. Упэўнена, вырасце добрым чалавекам. Шкада, што апавядальнік прыпыняе размову ці не на самым пераломным для героя моманце. Гэта смерць бабулі, амаль у адзін дзень са смерцю Брэжнева. Пасля гэтага дня жыццё не будзе ранейшым. У вялікай краіне. І пакуль маленькім свеце Петрыка.

Спадзяюся, працяг будзе, і гісторыя сталення хлопчыка з Чэшскай Слабады ячшэ працягнецца ў наступных творах.

Марына ВЕСЯЛУХА

апублікавана ў газеце “Літаратура і мастацтва” 8 мая 2014 года