Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх

Даследчыкі жыцця і дзейнасці братоў Гарэцкіх

Сёлетняя канферэнцыя была прысвечана літаратурна-мастацкай і навуковай дзейнасці братоў Гарэцкіх (у сувязі з абвяшчэннем 2017 года Годам навукі). Вучоныя, літаратурныя крытыкі, пісьменнікі і журналісты дапамагаюць адкрываць новыя старонкі дзейнасці братоў Гарэцкіх.

Акадэмік Радзім Гарэцкі

Ва ўступным слове да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч падзякаваў арганізатарам за руплівасць. Неабходна і далей працаваць па папулярызацыі спадчыны братоў Гарэцкіх. Дз. Яцкевіч паведаміў пра тое, што лёс сядзібы-музея Максіма Гарэцкага у Малой Багацькаўцы будзе абмяркоўвацца 23 чэрвеня на круглым стале па музеефікацыі літаратурных мясцін у Магілёве. Навукоўцы лічаць немэтазгодным перанос сядзібы ў Мсціслаў.

Галоўны рэдактар часопіса “ Маладосць” Святлана Воцінава адзначыла, што яе натхняе арганізаваная, сістэматызаваная, зробленая з ласкай і захапленнем праца па даследаванні дзейнасці братоў Гарэцкіх, якая доўжыцца цягам многіх гадоў. "Поспех суправаджае менавіта такую цяжкую і мэтанакіраваную працу,” -- падкрэсліла яна.

Акадэмік НАН Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі праінфармаваў грамадскасць пра важныя падзеі і публікацыі ў друку, якія адбыліся цягам прамінулага году. Выйшаў з друку зборнік матэрыялаў XXIV Гарэцкіх чытанняў з дакладамі Ядвігі Аношка, Розы Зінавай, Лідзіі Савік, Алены Ждановіч, Сяргея Запрудскага, Тамары Тарасавай і іншых. Алена Уладзіміраўна Ярмоленка абараніла дысертацыю ў Гомельскім універсітэце імя Ф. Скарыны, з’явіўся шэраг артыкулаў на старонках “Звязды”, “ Народнай волі” і “ Нашага слова”.

Маштабную працу прайшоўшага году прааналізаваў слынны знаўца спадчыны братоў Гарэцкіх член карэспандэнт НАН, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці стварэння гісторыі ўплывовых дынастый, у прыватнасці, дынастыі Гарэцкіх. Радавод сям’і Гарэцкіх ахоплівае 79 асоб. Заслугоўваюць увагі даследчыкаў Еўфрасіння Гарэцкая, маці пісьменніка і акадэміка, Леаніла Чарняўская-жонка Максіма Іванавіча, Ларыса Восіпаўна, жонка Гаўрылы Іванавіча, Галіна Максімаўна Гарэцкая, і іншыя. У іх гэтых асобах праяўляецца непаўторнасць і адметнасць душы народа.

Браты Гарэцкія аказалі значны ўплыў на навуковае, літаратурнае і культурнае жыццё Беларусі, на педагогіку і сцэнічнае жыццё. П'еса “Дзве душы” паспяхова ідзе на сцэне ў Купалаўскім тэатры ў Мінску.

Акадэмік НАН Беларусі Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, доктар геолага-мінералагічных навук, выступіў з дакладам пра свайго бацьку - “Г. Гарэцкі: эканаміст і геолаг”.

Са змястоўнымі паведамленнямі ў пленарным паседжанні выступілі доктар філалагічных навук Тамара Тарасава і кандыдат філалагічных навук Сяргей Запрудскі з Мінска. Працай у навуковых секцыях кіравалі кандыдаты філалагічных навук Таіса Грамадчанка і Алена Гурская.

Эла Дзвінская, фота аўтара