"Параходзік сучаснасці" прычаліў у галерэі "Ў"

Такой была завяршальная вечарына сёлетняга курсу Школы маладога пісьменніка, якая дзейнічае пра ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Сярод выпускнікоў — паэты, празаікі, перакладчыкі. Куратарамі Школы былі Уладзімер Някляеў, Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч і Алесь Пашкевіч. Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося ўручэнне 20 сертыфікатаў.

Адна з каардынатараў Школы, вядучая вечарыны Юля Цімафеева павітала ўсіх прысутных і перадала слова празаіку, старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўнаму рэдактару часопіса “Дзеяслоў” Барысу Пятровічу.

Барыс Пятровіч і Юля Цімафеева

— Летась па выніках літаратурнага конкурсу “Экслібрыс” са ста ўдзельнікаў было выбрана 35 фіналістаў, у Школу маладога пісьменніка патрапілі 22 творцы. Цягам васьмі месяцаў мы спрабавалі разбурыць стэрэатып адносна таго, што навучыць пісаць немагчыма. У наступным годзе ёсць планы працягнуць Школу, але паколькі вучыліся не толькі вы, але і мы таксама, то будзе іншы, удасканалены фармат заняткаў, — адзначыў спадар Барыс у сваім звароце да выпускнікоў.

Ганна Міхальчук

Наста Грышчук

У сваіх выступах Павел Капанскі, Ганна Міхальчук, Наста Грышчук не толькі чыталі ўласныя творы, але і дзяліліся ўражаннямі ад Школы і распавядалі пра тое, што яны набылі дзякуючы сваім выкладчыкам і калегам.

Уладзімер Някляеў віншуе Дар'ю Латышаву

Уладзімер Някляеў, куратар групы паэтаў, у віншавальным слове заўважыў:

— За Саветамі ў Саюз пісьменнікаў, як і ў літінстытут, было немагчыма патрапіць, бо гэта было прэстыжна і прыносіла матэрыяльныя выгоды: кнігі, кватэры, машыны. А цяпер піша толькі той, хто не можа не пісаць. Таму сярод маіх семінарыстаў няма выпадковых людзей. А пра “параходзік сучаснасці” — тое праўда яшчэ з часоў Уладзіміра Маякоўскага.

Дар'я Вашкевіч

Надзвычай яркімі і запамінальнымі былі чытанні Юлі Цімафеевай з лірычным эратычным вершам і Анкі Упалы з апавяданнем пра Купалу, Коласа і Караткевіча.

Юля Цімафеева і Марыя Лапо

Выступілі Воля Чайкоўская, Кірыл Дубоўскі, Дар’я Латышава, Андрэй Касцюкевіч. Усіх выпускнікоў вельмі цёпла сустракалі гледачы — імпрэзу наведалі не меней за сорак чалавек.

Валянцін Акудовіч уручае сертыфікат Наталлі Ярмольчык

Філосаф і літаратар Валянцін Акудовіч, які курыраваў маладых празаікаў, прызнаўся: “Мне з вамі было вельмі ўтульна. Я не куратарам быў, а мадэратарам — варта было проста падказваць кірунак ужо цалкам самастойным, складзеным творцам”.

Юля Цімафеева прапануе Кірылу Стасельку "выцягнуць білет"

Адно за адным на сцэну выходзілі Дар’я Вашкевіч, Марына Варабей, Марыя Лапо, Наталля Ярмольчык, Андрэй Вылінскі, каб агучыць свае творы і атрымаць сертыфікаты. Павал Анціпаў зачытаў урывак са свайго новага рамана.

Прадстаўніца маркі Prestigio Вольга Церашонак, Віка Трэнас і прыз для будучага пераможцы сёлетняга конкурсу "Экслібрыс"

Віка Трэнас расказала пра сёлетні конкурс “Экслібрыс” імя Янкі Маўра, удзел у якім да 1 жніўня могуць прыняць аўтары да 40 гадоў, якія пішуць або малююць для дзяцей.

Яна Бандарчык

Прэс-сакратар СБП, а таксама партнёр конкурсу, прадстаўнік маркі Prestigio у Беларусі, прадэманстравалі галоўны прыз, які атрымае пераможца гэтай восенню — новую мадэль планшэта Prestigio MultiPad 8.0 3G Note, створаную адмыслова для журналістаў, пісьменнікаў і ўсіх тых, чыя праца звязаная са словам. Дарэчы, сайт ebooks.prestigioplaza.com — адначасна электронная бібліятэка і інтэрнэт-крама, дзе ёсць кнігі сучасных беларускіх аўтараў. Некаторыя з гэтых электронных выданняў ёсць у вольным доступе, некаторыя можна спампаваць платна.

Аня Рудак

Алесь Пашкевіч уручае сертыфікат Яне Бандарчык  

Алесь Пашкевіч, першы намеснік старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, згадаў пра праведзеныя заняткі, на якіх разбіраліся творы класікаў беларускай літаратуры, падзякаваў наведнікам Школы за супрацу і пажадаў ім творчай свабоды.

Раман Абрамчук

Завяршылася вечарына чытаннямі Антона Рудака, Рамана Абрамчука, Кірыла Стаселькі, Ані Рудак, Яны Бандарчык.   

Тэкст: ВТ

Фота: Алена Казлова

Болей фота глядзіце на нашай старонцы ў Фэйсбуку

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"