"Парасонечнае" надвор'е ў клубе "Графіці"

Да кнігі прыкладаецца кружэлка з песнямі.

Пра свой першы зборнік Алесь Емяльянаў-Шыловіч сказаў наступнае:

“Тэма кнігі — гэта пошук, таму што я яшчэ шукаю сябе, шукаю форму, хістаюся ад верлібру да рыфмаванага верша і наадварот.

Мне спадабалася, што кніжка выйшла хутка, без якіх-небудзь накладак, гэта кажа пра якасць працы выдавецтва, таму, калі хто надумаецца выдаваць кнігу, я ўсім раю — да спадара Генадзя” (Г. Вінярскага, выдавецтва “Кнігазбор” — заўв. СБП).

Цягам вечарыны на сцэну “Графіці” выходзілі сябры і калегі аўтара, чыталі свае і яго вершы, спявалі песні, казалі цёплыя словы.

Спіс выступоўцаў атрымаўся немалы:

 Гурт “аРБа”, бард Алесь Камоцкі, сябры суполкі “Літаратурнае прадмесце”, Адам Шостак, Юрась Нераток, Мікола Кандратаў, а таксама кіраўнік  суполкі пісьменніца Людміла Рублеўская, паэты Віктар Жыбуль, Антон Рудак, Марына Варабей, Зміцер Вішнёў, Серж Мінскевіч, Алесь Чубат, кіраўнік літаратурнай суполкі  “Літо-Беларусь” паэт Георгі Барташ.

Бард Алесь Камоцкі прыйшоў на імпрэзу з падарункам, сваім зборнікам песень "Час", які ўручыў маладзейшаму калегу.

На фота: Зміцер Вішнёў, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Серж Мінскевіч.

На фота: Людміла Рублеўская, Мікола Кандратаў, Георгі Барташ, Віктар Жыбуль.

Людміла Рублеўская пра аўтара “Парасонечнасці” сказала наступнае:

“Канечне, хацелася б, як кіраўніку суполкі, гэтак жа, як Георгію Барташу, да якога Алесь хадзіў напачатку, сказаць, што ён на нашых вачах вырас. Але паверце, калі мы з ім пазнаёміліся, ён быў такі самы, таго самага росту. Але ён творча вырас, што нас вельмі радуе. Тут казалі, што кніжак можа быць шмат. Алесь, я вельмі табе жадаю, каб іх было шмат, але першая кніжка можа быць у жыцці толькі адна, як першая шлюбная ноч. Гэта не паўтараецца, таму Алесь, напоўніцу пражыві гэты момант.

Спадарыня Людміла таксама расказала  гісторыю верша “Парасонечнасць”, якім адкрываецца кніга. Менавіта дома ў Людмілы Рублеўскай і Віктара Шніпа іх знаёмец Алесь Емяльянаў некалі забыў свой парасон.

Парасонечнасць

Л. Рублеўскай

парасон
пакінуты гаспадаром
у вітальні чужой кватэры
падчас святочнае вечарыны
жадае быць скарыстаным
належным чынам
раскрывацца ад дотыкаў дажджу
і ўбіраць празрысты атрамант
якім піша вершы
непаслухмяны вецер
а потым сядзець на падлозе
выпраўляць памылкі
дапушчаныя нябачным аўтарам
рабіць найнатуральнейшую рэдактуру

Георгі Барташ адзначыў:

“Я ни разу не встречался с таким стремительным развитием поэтическим. Это удивительное качество, потому что, как правило, поэты формируются в подростковом, юношеском возрасте. Они находят свой язык, свой тон, свою стилистику, и прекрасно на этом острове себя чувствуют. А Алесь очень изменялся за эти годы. Он учился всему и у всех. Не заимствовал, а именно учился, поэтому я не только желаю ему счастливого литературного будущего, но я, в общем-то, верю, что именно таким оно и будет”.

Алена Казлова для lit-bel.org