"Парушыўшы законы прыцягнення..." — 100 гадоў з Дня нараджэння Аркадзя Куляшова
Сёння ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі адбудзецца літаратурна-музычная вечарына і адкрыццё кніжнай выставы, прысвечаных жыццю і творчасці Аркадзя Куляшова. У імпрэзе возьмуць удзел блізкія сваякі пісьменніка. Серыя мерапрыемстваў адбудзецца ў Магілёве, на малой радзіме паэта (як вядома, творца нарадзіўся ў вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці).
Аркадзь Куляшоў і Міхась Лынькоў на Нарачы. 1973. Фота news.21.by
Да адметнай даты выпушчана паштовая марка «100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Рэспублікі Беларусь Аркадзя Куляшова», якую выканаў мастак Мікалай Руды. Поўнакаляровая марка памерам 26×37 мм выйшла накладам у 60 тысяч экзэмпляраў.
Аркадзь Куляшоў
***
Парушыўшы законы прыцягнення,
Планетамі сярод другіх планет
Існуем мы з табой як выключэнне,
Мая любоў, — як свет і антысвет.
Ніколі мы адной не ходзім сцежкай,
Не дзелім хлеб і дзелім толькі соль,
Ты сустракаеш смутак мой усмешкай
I смуцішся, калі міне мой боль.
Адказваеш на мой сардэчны захад
Нязгодай, самай крыўднаю з нязгод.
Здаецца, павярніся я на захад,
Як тут жа ты павернешся на ўсход.
Аднак зямля б мая асірацела
I ўвесь сусвет ахутала б імгла,
Каб, выбухнуўшы раптам, адляцела
Ты ў невядомасць з хуткасцю святла.