Паседжанне Рады ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» у лютым (+Заява пра сітуацыю ў Курапатах)

Паэта, журналіста, даследчыка Міхася Скоблу павіншавалі з атрыманнем украінска-беларускай прэміі «Воіны святла» памяці Міхаіла Жызнеўскага.

Напярэдадні XVII чарговага справаздачна-выбарчага З'езду ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", які адбудзецца 4 сакавіка, на паседжанні былі абмеркаваныя праекты будучага складу Рады, рэвізійнай камісіі, а таксама камісій З'езду: падліковай, рэдакцыйнай і мандатнай.

Аксана Спрынчан і Сюзанна Паўкштэла

Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч (Сачанка)

Злева направа: Сяргей Сыс, Генрых Далідовіч, Анатоль Бароўскі, Леанід Дайнека

Леанід Левановіч

Была прынятая і абвешчаная Заява Рады ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" пра сітуацыю ў Курапатах:

У лютым 2017 года ў ахоўнай зоне мемарыяльнага комплексу «Курапаты» пачалося будаўніцтва пяціпавярховага бізнэс-цэнтра, на якое 20 студзеня 2017-га Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт выдаў афіцыйны дазвол за нумарам №162.

Ад самага пачатку з’яўлення звестак пра Курапаты як месца нацыянальнай памяці ахвяр сталінскага тэрору, помніка масавым забойствам, з боку афіцыёзу рабіліся захады па ліквідацыі, а пасля – па дыскрэдытацыі мемарыялу. У 2000-х некалькі разоў у Курапатах успыхвалі акцыі супраціву чыноўнікам, якія толькі пад ціскам грамадскасці адклікалі рашэнні па будаўніцтве ў ахоўнай зоне. Тым не менш, як паказвае цяперашняя сітуацыя, улады працягваюць не зважаць на пратэст, які доўжыцца з часу заснавання грамадскага мемарыялу ў 1988 годзе.

Рада ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» выказвае абурэнне тым, што напярэдадні 80-годдзя 29 кастрычніка 1937-га, калі сталінскімі катамі былі расстраляныя больш за сто найвыдатнейшых беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў культуры, прадстаўнікоў нацыянальнай эліты, дзяржаўныя структуры ўсё яшчэ не могуць асэнсаваць важнасць захавання памяці пра гады крывавага тэрору. Заклікаем улады спыніць незаконнае будаўніцтва ў ахоўнай зоне і перастаць зневажаць месца нацыянальнай памяці.

Патрабуем у 80-ю гадавіну крывавага 1937-га на агульнабеларускім узроўні прызнаць нацыянальны мемарыял «Курапаты», а дзень 29 кастрычніка абвясціць афіцыйным Днём памяці ахвяр сталінскага тэрору.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"