Паседжанне магілёўскага аддзялення СБП — падсумаванне вынікаў года

22 снежня адбылося чарговае паседжанне магілёўскага аддзялення ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Сябра СБП Тамара Аўсяннікава распавяла прысутным пра паездку ў Мінск і сустрэчы з паэтамі Нілам Гілевічам і Васілём Жуковічам, якія падпісалі некалькі сваіх кніг для адзінай вучаніцы адзінага беларускамоўнага класа СШ № 1 г. Магілёва Ялінкі Салаўёвай.  Спадарыня Тамара ўручыла Ялінцы падарункі і прачытала верш, напісаны паэткай з нагоды гэтай урачыстасці.

Тамара Аўсяннікава ўручае падарункі Ялінцы Салаўёвай

Аўтограф Ніла Гілевіча

Старшыня магілёўскага аддзялення СБП Мікола Яцкоў у сваім выступе падсумаваў вынікі працы за мінулы месяц, і пасля перадаў пісьменніку Сяргею Украінку дыплом ад Праўлення Маскоўскай гарадской арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі і Праўлення Саюза пісьменнікаў баталістаў і марыністаў Расіі, а таксама грамату ад магілёўскага Рускага культурна-асветніцкага таварыства. Спадар Сяргей уганараваны “за ўнёсак у ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі і літаратурную спадчыну братэрскіх народаў Расіі і Беларусі і ў сувязі з “Сіманаўскімі чытаннямі - 2012”.

Сяргей Украінка атрымлівае ўзнагароды

На завяршэнне паседжання Мікола Яцкоў акрэсліў накірункі дзейнасці арганізацыі на бліжэйшую перспектыву і павіншаваў усіх з надыходзячымі Калядамі і Новым годам.

Ул. інф. магілёўскага аддзялення СБП