Пасланая ў свет для красы і любові

Даўно вядома, што таямніца чалавечай (не кажучы ўжо пра жаночую) неспазнанасці (і неспасцігальнасці) усё жыццё трымае нас наводдаль ад нашага захаплення, каб прагнуць яго пазнання даастатку... Ці не пра тое самае пісала і сама І. Багдановіч у сваім першым вершаваным зборніку “Вялікдзень”:

“Усё жыццё – то прачуванне Вас

Між звыклых масак, то ваўкі, то лісы,

То рабскі пот, то масавы экстаз,

То сцёртыя, то зблытаныя рысы”.

Яе паэтычны шлях пачынаўся з пакручастых сцежак “пожаду і зману” – ад першых схібных крокаў у “чаравічках маленства” да “прыватнага” поступу, не сыходзячы аднак са стырнавога гасцінца, што мосціцца беларусамі ад часу нацыянальнага немаўленства да сучаснага дзяржаўнага самасцвярджэння...

Перапрашаю, але зважаючы, што гэты тэкст пішацца да юбілею Ірыны Эрнстаўны, ніяк нельга абысціся і без сухога біяграфічнага афіцыёзу. Вядомая паэтэса, перакладчыца і літаратуразнаўца нарадзілася ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці 30 красавіка 1956 года. З двухгадовага ўзросту жыла ў Гомелі і выхоўвалася дзедам і бабуляй. Тут яна скончыла школу і паступіла на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага універсітэта. Пасля пяць гадоў вучылася ў аспірантуры пры інстытуце літаратуры АН БССР і ажно да 2002 года там жа была навуковым супрацоўнікам. Апошнім часам займаецца навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю ў БДУ, з’яўляючыся дацэнтам кафедры гісторыі беларускай літаратуры (мае навуковае званне кандыдата  філалагічных навук).

Што да літаратуры, то Ірына Багдановіч выдала кніжкі вершаў “Чаравічкі маленства” (1985), “Фрэскі” (1989), “Вялікдзень” (1993), “Альбом першакласніцы” (для дзяцей, 2003), “Сармацкі альбом” (2004), “Прыватныя рымляне” (2006), манаграфіі “Янка Купала і рамантызм” (1989) ды “Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння” (2001).

Кароткія нататкі пра жыццё і творчасць І. Багдановіч у шасцітомным біябібліяграфічным слоўніку змешчаны на адным разгорце з грунтоўным даведачным матэрыялам пра нашага слыннага класіка Максіма Багдановіча… Фотаздымкі такіх гожых і маладых асоб побач выклікаюць сентыментальна-акрыленыя асацыяцыі.

І нездарма менавіта Ірына Багдановіч з’яўляецца аўтарам пасляслоўнага артыкула “Пакліканы адраджэннем” да трохтомнага поўнага збору твораў паэта “чыстай красы”. Ведаючы паэтку яшчэ і як літаратуразнаўцу і крытыка, нельга не зразумець яе творчага (духоўна-хрысціянскага) паклікання і той ідэйнай скіраванасці, якую сцісла і дасціпна сфармуляваў у прадмове да зборніка “Сармацкі альбом” Юры Хадыка: “...побач з любоўю да тых самых сармацкіх каштоўнасцей і  ўперамежку з імі, прысутнічае ў вершах смутак. Туга па няздзейсненай, нерэалізаванай магчымасці. А можа і таму, што аўтар — жанчына. Жанчыны больш востра і непасрэдна адчуваюць непаўторнасць жыцця”. Да гэтых слоў хацелася б дадаць і выказванне самой Ірыны Багдановіч адносна паэзіі з вышэй упомненага артыкула “Пакліканы адраджэннем”: “...уласны паэтычны лёс ён (Максім Багдановіч – ЛеГал) успрымаў не ў бліскучым параўнанні з нечым кідкім і яркім, што можна адразу заўважыць, а з тым, да чаго трэба ўважліва прыглядацца і да чаго трэба падыходзіць з тонкай, настроенай на хараство душой. Калі ж прыгледзішся і адчуеш гэтае глыбіннае таямнічае хараство, то назаўсёды ў душы застанецца яго прывабнае святло, яго ўзвышальная сутнасць”. Агулам, зборнік “Сармацкі альбом” ці не адзін з лепшых у паэткі, ён як даніна павагі культурнай спадчыне сваіх продкаў часоў Вялікага княства Літоўскага. І адначасна – настальгія сённяшняга беларускага інтэлігента па рыцарству, шляхецтву, рамантычным каханні і свабодзе... Аднак асноўная яго вартасць – у мастакоўскім эстэцтве. У гарманічным спалучэнні чалавечай маралі і прыроднай красы. Паэтка спрабуе накладваць гістарычныя пласты сваіх паэтычных асацыяцый адзін на адзін – даўні і цяперашні – каб параўноўваць іх, супастаўляць і нават падсумоўваць, праецыруючы магчымы эфект на будучае...

Будзе сармацкі пасад

Новы ў душы збудаваны,

Што, як стагоддзі назад, —

Толькі свабоды падданы.

Попелам даўніх часоў,

Кафлі адроджанай глінай,

Звонам забытых падкоў

Стукае ў сэрца Айчына.

Чытаючы вершы І. Багдановіч, не раз абманна думалася, што паэзія даецца ёй лёгка – з досведу і адчуванняў – але насамрэч не ўсё так проста. Бо не-не, ды ўдакладняюць сутнасць надуманага надломы ўласнага лёсу, як расколіны той старажытнай кафлі. Безумоўна, калі б паэт не спавядаўся ва ўласным і прыватным, мы вельмі хутка згубілі б да яго ўсякую цікавасць, бо кожны чалавек, а творца асабліва, вылучны і заўважны толькі тады, калі ён шчыры і адкрыты ў сваіх зямных жарсцях і грахоўнасці (святыя ж сярод нас жывуць неабазнанымі, імя ім – вечнасць).

Хоць заўважу, што ў пераважнай большасці сваіх вершаў “Ірына Багдановіч паэтка закрытая і псіхалагічная, напоўненая, нібы тая амфара на марскім дне, сваёй першабытнай гісторыяй і біяграфічнай таемнасцю” (так я некалі пісаў пра яе, але вырашыў паўтарыцца, бо характарыстыка, на мой погляд, атрымалася даволі ўдалай і да гэтай пары ўсё яшчэ адпаведнай яе творчасці).

Ды вось жа і ў радках, напісаных не так даўно і выдрукаваных у пакуль што апошняй па часе кніжцы паэткі “Душа лістапада” (2012) мы чытаем у вершы “Чужая дудка” пра тую ж узрушаную ўзвышанасць чалавечага духу  і зямную важкасць разумовых і фізічных памкненняў, якія неадрыўныя ад нацыянальнага грунту.

“Мы пасланыя ў свет для Красы і Любові

Праз цярпенне нядолі й пакут.

Нашанівілі Боскую праўду – у Слове,

Адзяржавілі родны свой кут.

………………………………………………

Сніў Купала прароча народную долю

І ад Слова выводзіў яе –

Бо ніколі пад дудку чужую, ніколі

Беларус не пазнае сябе!”

У бальшыні сваіх кніжак Ірына Багдановіч  наўзбоч уласных вершаў прапануе чытачам адмысловыя ўзоры польскай і польскамоўнай беларускай паэзіі. Сярод абраных – Я. Чачот, У. Сыракомля, Г. Пузыня, З. Манькоўская, А. Міцкевіч, А. Аснык, М. Паўлікоўская-Яснажэўская, Ю. Тувім, Б. Лесьмян, Л. Стаф...

Яна хоча “быць адказам,/ адказам на Голас,/ пачуты з глыбіні/ прасторы і часу…”, бо ўпэўненая, што “той, хто кліча,/ выбраў цябе”

Так, Ён выбірае тых, хто адказвае на Яго голас не агульным працяжна-гуртавым рэхам, а ўласным, нярэдка неабазнаным, голасам натуральнай і прыроднай сутнасці.

І – так, Ён абраў таксам і яе, Ірыну Багдановіч, якая хоча

 “не думаць аб тым,

каму наканавана слава,

каму забыццё”,

а бескарысліва прагне

“проста прагаварыць

свой лёс –

вершамі…”

 

Леанід ГАЛУБОВІЧ, для lit-bel.org