Пасмяротны зборнік паэта Васіля Гадулькі прэзентавалі ў Берасці

Кнізе вершаў Васіля Гадулькі, памерлага 23 гады таму назад, папярэднічаў пасмяротны раман Івана Сычыка. Абедзьве кнігі былі падрыхтаваныя сябрамі Берасцейскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Зборнік вершаў Гадулькі “Па-над сцежкай лёсу” ўкладаў Леанід Галубовіч. Выдадзеная кніга ў Беластоку стараннямі вядомага паэта, дзеяча беларускай дыяспары Яна Чыквіна. Наклад яе 200 асобнікаў.

Выдавец Ян Чыквін адзначыў як заслугу тое, што Васіль Гадулька ні разу не адступіў ад рыфмаванай паэзіі: “Ён фактычна напалову належыць да “праклятых” паэтаў, людзей, якія жылі вершамі і не жылі без іх. Такіх, як Генрых Кляйст або цэлы шэраг французскіх паэтаў, хто самахоць пайшоў з жыцця. Напалову, таму што ягоная каханая, гродзенская паэтка Галіна Самойла, напачатку так прыхільная да яго, потым пакінула яго самотным. Як і іншыя паэты такога лёсу, Васіль Гадулька быў метэорам, знічкай, якая на імгненне асвяціла сваім святлом наваколле”, – сказаў Ян Чыквін.

З ім паспрачалася ў некаторых ацэнках аўтара кнігі і яго каханай паэтка Галіна Тварановіч. Верагодна, гэта было рэхам абмеркавання ў аўтамабілі – абодва прыехалі разам.

Лёс Васіля Гадулькі сапраўды неардынарны. Выхадзец з беднай сям’і, ён сышоў з апошняга курса Інстытута замежных моў. Пасвіў кароў у мясцовым калгасе і пісаў вершы. Такі лад жыцця падарваў здароўе, і паэт адышоў з жыцця заўчасна. Пахаваны на могілках вёскі Федзькавічы. Там калегі па пяру з СБП паставілі яму годны помнік.

“Грошы  на помнік прыйшлі з некалькіх крыніц, – распавёў каля яго беларусам з Польшчы Алесь Каско. – Рабіў брэсцкі мастак Сяргей Казак. Нават бацькам Васіля заадно паставілі. Цяпер зрабілі кнігу, і засталося толькі знайсці архіў Гадулькі”.

1

2

4

Слова трымае Ян Чыквін

Яўген Бяласін. Фота аўтара