«Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!»: 135 год Янку Купалу
Слова “прарок” тлумачыцца як прапаведнік волі Бога, пасланы Богам, прадказальнік будучыні, вяшчун. Абраннікаў на гэтую ролю ў жыцці мінулым, цяперашнім і будучым няшмат.
Кожнаму народу даюцца свае прарокі, хоць іхняя дзейнасць мае агульналюдскае гучанне. І тыя, абраныя, ведалі аб сваім пакліканні, аб сваім прызначэнні на зямлі. У іх пераліку – і геніяльны беларускі паэт Янка Купала.
Па ўcвeдaмлeнні знaчнacцi i poлi ў духоўным станаўленні нацыі, выхаванні беларускай самасвядомасці Янку Купалу можна лічыць наступнікам Францыска Скарыны, які ў перакладзеных і выдадзеных ім кнігах Святога Пісання на знак уласнай годнасці і гонару змясціў свой партрэт.
Але для таго, каб адпаведнае ўсведамленне выспелілася, патрэбны час. Той час, калі падсвядомае пакуль адчуванне-прадчуванне не акрэсліцца канчаткова і ўвасобіцца ў высокія паэтычныя радкі.
Беларусы займелі Янку Купалу, якога чакалі цягам стагоддзяў, калі перажывалі нацыянальны ўціск то з захаду, то з усходу, калі ўжо зусім амаль маглі забыцца на сваю слаўную мінуўшчыну, на “залатое” XVI стагоддзе старабеларускай дзяржавы, пік уздыму нацыянальнага духу.
Магчымае неразуменне народа, калі “няма прарока ў сваёй Айчыне”, ужо не спыніць творцу – ён будзе без прыпынку ісці далей і несці сваё слова. Бо гэта яго пакліканне, яго місія, дзеля якой яму дадзены дар і дзеля чаго ён пасланы на зямлю. Апафеозам разумення Янкам Купалам свайго прарочага прызначэння стаў поўны драматычнага напружання эпічны філасофска-хрысціянскі санет “Сярод магіл”. У савецкія часы верш не друкавалі, яго быццам і не было ў творчай спадчыне Янкі Купалы. Між тым, гэта, на мой погляд, адзін з шэдэўраў паэта.
Сярод магіл, на плечы ўзняўшы крыж свой, стану,
Як пасланец з магіл ад спячых там прарокаў,
І ў даль сягну, дзе толькі можа сягнуць вока,
І скрозь туды, дзе вольнай думкаю дастану.
І кліч пушчу скрозь ад кургану да кургану,
Як віхраў лёт па ўсёй бязмежнасці шырокай,
Кліч-заклінанне векавечнага зароку,
Што ў гуслях толькі дрэмле, ў песню ўчараваны.
Прадсмертнаю кляцьбой канаючага раба,
Малітвай грэшніка, зарэзаўшага матку,
Звярнуся к сонцу, сонцу без канца й пачатку.
Хай спаліць мне душу, як ствол разбіты граба.
Хай вочы высмаліць, як кветку ў ліллі слабай,
Але і крыж мой спапяліць хай папарадку!
(“Сярод магіл”, 1915)
Янка Купала ў гэтых радках адназначна ўсведамляе, што нясе свой крыж прарока, што ён пераемнік лепшых людзей Айчыны праз усю яе гісторыю, якія таксама аддавалі свой творчы імпэт і духоўныя сілы на служэнне Бацькаўшчыне. І ніхто ў яго гэтага паклікання не адбярэ, хіба што знікне, спапялёны, крыж. Уласна, вобраз крыжа ўжо і не з прарокамі кліча рэфлексіі, а са Збаўцам. Якая моцная і нечаканая вобразнасць у вершы, асабліва ў апошніх трохрадкоўях!
Прарочых слоў, заклікаў, прадвесцяў шмат у паэзіі Янкі Купалы. І сёння мы можам сказаць, што сваю ролю як прарок нацыянальнага Адраджэння паэт Янка Купала спраўдзіў напоўніцу. Ён клікаў да Беларусі – і людзі прыйшлі да яе.
Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!
Зірні на бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе!..
Сваю магутнасць пакажы ты свету, –
Свой край, сябе ў пашане мець прымусь.
Паўстань, народ!.. З крыві і слёз кліч гэты…
Цябе чакае маці-Беларусь!
(“Свайму народу”, 1918)
Усё, напісанае Янкам Купалам да таго часу, якраз і сведчыла, што ў беларусаў з’явіўся свой прарок, свой пясняр, нават духоўны ўладар. Адно што не ваяр у наўпроставым сэнсе слова як рэальны абаронца Айчыны. На жаль, шмат чаго, аб чым прароча гаварыў вялікі беларускі пясняр, застаецца актуальным і ў нашым часе. Працэс нацыятворства і беларускага дзяржавабудаўніцтва працягваецца. Але нам сёння значна прасцей выконваць гэтую ўрачыстую і цяжкую справу, бо мы маем сваіх прарокаў, песняроў, ваяроў і ўладароў…
Уладзімір Мароз, "Літаратурная Беларусь"