Пасяджэнне Магілёўскага абласнога аддзялення СБП прайшло 5 чэрвеня
Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць вядомых беларускіх літаратараў, сябраў СБП Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўніка, Уладзіміра Дамашэвіча, Анатоля Кудраўца, Давіда Сімановіча, якія пайшлі з жыцця.
Барыс Пятровіч, Усевалад Сцебурака
Старшыня аддзялення Мікола Яцкоў праінфармаваў аб тым, што было зроблена за прабеглы час. Аб удзеле ў абласным свяце паэзі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” распавёў Яраслаў Клімуць. Кіраўнік магілёўскага літаратурнага клуба “Святліца” Тамара Аўсяннікава праінфармавала аб зробленым сябрамі клуба і прадставіла другі зборнік “Святліца” з вершамі удзельнікаў.
Таццяна Барысік, Тамара Аўсяннікава, Мікола Яцкоў
Міхась Булавацкі ад імя прысутных павіншаваў Тамару Аўсяннікаву, Віктара Бяляцкага і Міколу Яцкова, якія адзначылі свае юбілеі.
Былі разгледжаны пытанні падрыхтоўкі чарговага нумара літаратурнага альманаха “Брама”.
Яраслаў Клімуць і Міхась Булавацкі
Барыс Пятровіч акрэсліў асноўныя моманты працы СБП, праінфармаваў аб падрыхтоўцы святкавання 80-годдзя Саюза беларускіх пісьменнікаў і аб дзейнасці Школы маладога пісьменніка. Было выказана пажаданне, каб у ліку навучэнцаў Школы былі і прадстаўнікі Магілёўшчыны.
Усевалад Сцебурака распавёў аб неабходнасці пашырэння кантактаў паміж Школай і рэгіёнамі. У прыватнасці, ёсць магчымасць ладзіць творчыя сустрэчы, дзяліцца вопытам і напрацоўкамі, бо гэта будзе толькі на карысць агульнай справе ўмацавання і развіцця беларускай літаратуры.
Былі разгледжаны іншыя пытанні дзейнасці абласнога аддзялення.
Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП