Пасяджэнне Магілёўскага абласнога аддзялення СБП прайшло 25 студзеня

Мікола Яцкоў адзначыў, што праца па стварэнні другога нумара літаратурнага альманаха “Брама” станоўча завяршылася, і выданне пабачыла свет. Была створаная Рэдакцыйная Рада новага, будучага нумара альманаха, якую ўзначаліў Яраслаў Клімуць.

Яраслаў Клімуць

 

Мікола Яцкоў

Міхась Булавацкі праінфармаваў аб правядзенні “Беларускага пяціборства” сярод магілёўскіх прыхільнікаў беларускай мовы. А дзякуючы пісьменніку Анатолю Санаценку ў Бабруйску ладзіцца шэраг цікавых літаратурных імпрэз.

Міхась Булавацкі і Тамара Аўсяннікава

Супраца з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і іншымі грамадскімі аб’яднаннямі будзе і надалей працягвацца — у прыватнасці, пісьменніца Тамара Аўсяннікава запрошана ў склад арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы “Пысінскіх чытанняў”, а Мікола Яцкоў па запрашэнні ГА “Рускае грамадства” ўдзельнічае ў падрыхтоўцы зборніка твораў магілёўскіх літаратараў.

Працягваецца супрацоўніцтва і на міждзяржаўным узроўні: у Смаленску сябра Саюза расійскіх пісьменнікаў Генадзь Пастухоў пераклаў на рускую мову і выдаў асобным зборнікам  “Белый аист, чёрное перо” творы Сяргея Украінкі.  

 

Пісьменнік, сябра СБП Валерый Казакоў, які жыве ў Маскве, працягвае мецэнацкую дзейнасць і рэгулярна прывозіць у магілёўскія бібліятэкі і музеі старадрукі і гістарычныя экспанаты, і апошняя такая акцыя пад назвай “Вяртанне” адбылася 20 снежня ў Магілёўскай ратушы.

Ул. інф. Магілёўскага абл. аддзялення СБП