Пасяджэнне Магілёўскага аддзялення СБП адбылося 27 кастрычніка

На пачатку паседжання пісьменнік Сяргей Украінка паведаміў, што на 96-м годзе з жыцця пайшоў найстарэйшы географ Беларусі і СНД, ганаровы старшыня Магілёўскага абласнога аддзела геаграфічнага таварыства, дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітета імя А. Куляшова, аўтар падручнікаў і дапаможнікаў па геаграфіі Пётр Аляксеевіч Лярскі. Сябры пісьменніцкай суполкі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць выбітнага навукоўца.

Мікола Яцкоў і Фелікс Шкірманкоў

Старшыня аддзялення Мікола Яцкоў зрабіў справаздачу за прамінулы перыяд і адзначыў, што галоўнай падзеяй жыцця пісьменніцкай суполкі з’явіўся выхад у свет літаратурнага альманаха “Брама”. Гэта і пэўны вынік працы сябраў аддзялення, і магчымасць для магілёўскіх літаратараў, якія не ўваходзяць у склад ГА “СБП”, паказаць свае творчыя набыткі. Прэзентацыя новага альманаха павінна адбыцца ў бліжэйшы час.

Яраслаў Клімуць

Старшыня рэдакцыйнай рады “Брамы” Яраслаў Клімуць адзначыў, што праца рады працягваецца і пачалася падрыхтоўка другога выпуска альманаха. Вырашана ўвесці ў склад рады пісьменнікаў Таццяну Барысік і Віталя Еўмянькова.

Пісьменнік Фелікс Шкірманкоў праінфармаваў аб сваім удзеле ў мерапрыемствах, якія ладзіліся ў Слаўгарадскім раёне.

Кіраўнік Магілёўскага літаратурнага клуба “Святліца” пісьменніца Тамара Аўсяннікава расказала, што да выдання рыхтуецца другі паэтычны зборнік удзельнікаў клуба.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП 

 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"