Пасяджэнне Магілёўскага аддзялення СБП адбылося 22 снежня

Старшыня аддзялення Мікола Яцкоў паведаміў, што 10 снежня адбылося пасяджэнне Рады СБП, на якім у шэрагі Саюза былі прынятыя новыя сябры, у тым ліку Лідзія Мініч (Андрэева) з Горак і Віктар Бяляцкі з Круглага.

Пасведчанне атрымлівае Лідзія Мініч (Андрэева)

Ад імя Рады СБП Мікола Яцкоў уручыў ім пасведчанні сяброў арганізацыі, пажадаў плёну і новых поспехаў на літаратурнай ніве. Л. Мініч (Андрэева) і В. Бяляцкі расказалі аб сваіх жыццёвых шляхах, аб тым, як яны прыйшлі ў літаратуру.

Пасведчанне ўручаецца Віктару Бяляцкаму

Мікола Яцкоў зрабіў справаздачу за прабеглы перыяд і адзначыў, што работа аддзялення характарызуецца станоўчай дынамікай і скіраванасцю ў будучыню.

Старшыня рэдакцыйнай рады альманаха “Брама” Яраслаў Клімуць паведаміў, што праца па падрыхтоўцы наступнага выпуска альманаха пачалася, назапашваюцца новыя матэрыялы, але да гэтага працэсу трэба паставіцца больш уважліва і адказна.

Віталь Еўмянькоў зрабіў справаздачу аб творчай паездцы ў Ліду, а Тамара Аўсяннікава расказала аб сваім удзеле ў святкаванні 65-годдзя Я. Янішчыц на яе радзіме ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці.

Злева направа: Сяргей Украінка, Віктар Бяляцкі, Мікола Яцкоў, Ала Яцкова, Яраслаў Клімуць, Тамара Аўсяннікава, Міхась Булавацкі, Алена Лаўранцова, Аляксей Карпенка, Таццяна Барысік, Людзія Мініч (Андрэева). 

Напрыканцы пасяджэння Мікола Яцкоў павіншаваў прысутных з надыходзячымі Калядамі і Новым Годам і пажадаў усяго самага найлепшага ў асабістым жыцці і літаратурнай дзейнасці.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП

Фотаздымкі Дзяніса Васількова і Алы Яцковай

Прэсавая служба СБП