Пасяджэнне Магілёўскага аддзялення СБП прайшло 26 студзеня

Міхась Булавацкі, Яраслаў Клімуць, Віталь Еўмянькоў

Было адзначана, што ў прэсе і ў інтэрнэце з’явіліся цікавыя публікацыі магілёўскіх пісьменнікаў, а таксама матэрыялы, якія тычацца магілёўскай суполкі. У прыватнасці, у “Літаратурнай Беларусі” быў надрукаваны агляд Леаніда Галубовіча “Брама неўміручасці”, дзе аўтар выказаў свае меркаванні аб творах, змешчаных у альманаху “Брама”.

На пасяджэнні было праведзена абмеркаванне альманаха “Брама”, які нядаўна пабачыў свет. Міхась Булавацкі зрабіў змястоўны аналіз надрукаваных твораў, зрабіўшы акцэнт на некаторых недахопах. Выступілі М. Яцкоў, Т. Аўсяннікава, В. Еўмянькоў, якія станоўча адзначылі працу М. Булавацкага і выказалі свае меркаванні па змесце альманаха.

Старшыня рэдакцыйнай рады “Брамы” Яраслаў Клімуць паведаміў, што праца над чарговым выпускам распачалася, і трэба да канца сакавіка сфарміраваць рэдакцыйны “партфель”.

Сяргей Украінка і Мікола Яцкоў

Мікола Яцкоў паведаміў, што пісьменнік Сяргей Панізнік даслаў на разгляд рэдакцыйнай рады арыгіналы аўтографаў магілёўскага паэта Аляксея Пысіна, якія ніколі нідзе не друкаваліся. Я. Клімуць выказаўся за тое, каб на падставе дасланага зрабіць публікацыю ў “Браме”, а арыгіналы аўтографаў А. Пысіна смясціць у музеі магілёўскага ўніверсітэта імя А. Куляшова.

Таццяна Барысік і Тамара Аўсяннікава

Таццяна Барысік зрабіла агляд некаторых кніг для дзяцей, якія маюцца ў продажы, і пазначыла недарэчнасці і “ляпы”, з якімі сутыкаюцца дзеці, калі знаёмяцца з такімі кнігамі.

Былі таксама разгледжаны іншыя пытанні дзейнасці аддзялення.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП

Прэсавая служба СБП