Пасяджэнне Рады ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" адбылося 28 мая
Сябры Рады
Як паведаміў старшыня ГА “Саюза беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, падалі заявы на ўступленне ў СБП дзесяць творцаў, восем з якіх прайшлі прыёмную камісію, што адбылася 20 мая.
Барыс Пятровіч і Валеры Дубоўскі
Уладзімер Арлоў
Выдавец, паэт, журналіст Валеры Дубоўскі атрымаў рэкамендацыі ад Уладзімера Арлова, Рыгора Барадуліна, Барыса Пятровіча. Спадар Арлоў распавёў, што пазнаёміўся з Валерыем, калі той працаваў выбраным дырэктарам выдавецтва “Беларусь”. У супрацы з калегам Аляксандрам Лукашуком спадар Дубоўскі выдаваў такія актуальныя кнігі, як, напрыклад, “Геаграфію Беларусі” Аркадзя Смоліча. Нядаўна ў Валерыя выйшаў паэтычны зборнік “На пачатку маўчання”, прадмову да якога напісаў Рыгор Іванавіч Барадулін.
Валеры Каліноўскі
Публіцыста і аўтара журналісцкіх даследаванняў, супрацоўніка “Радыё Свабода” Валерыя Каліноўскага рэкамендавалі да ўступлення ў СБП Ірына Багдановіч, Лідзія Савік, Уладзімер Арлоў. Спадар Уладзімер выказаўся пра Валерыя як пра аднаго з самых цікавых аўтараў, што пішуць нон-фікшн.
Дар'я Ліс разам з Марыяй Мартысевіч, якая завітала падчас перапынку Рады
Дар’я Ліс жыве і працуе ў Смаргоні. Маладая журналістка і пісьменніца, аўтарка вершаў і прозы атрымала рэкамендацыі ад Анатоля Івашчанкі, Дануты Бічэль, Усевалада Сцебуракі.
Сяргей Макарэвіч
Сяргей Макарэвіч, краязнавец і журналіст, супрацоўнік газеты “Наша Ніва”, быў рэкамендаваны на ўступленне ў СБП Уладзімірам Папковічам, Сяргеем Чыгрынам, Усеваладам Сцебуракам. На пасяджэнні Рады Леанід Дранько-Майсюк адзначыў Сяргея як таленавітага літаратурнага крытыка, а Уладзімер Арлоў згадаў, што аўтар даследаваў творчасць Кастуся Акулы.
Святлана Раманава
Паэтэсе Святлане Раманавай далі свае рэкамендацыі Людміла Сільнова, Галіна Дубянецкая і Генадзь Лапацін. Святлана займаецца журналістыкай у сферы культуры, піша вершы, а таксама захапляецца жывапісам. Нядаўна пабачыла свет яе кніга “Смарагдавы рай”.
Пра даследчыцу, перакладчыцу і паэтэсу Наталлю Русецкую выказаліся Усевалад Сцебурака і Віктар Жыбуль. Спадар Віктар адзначыў, што знаёмы з творчасцю спадарыні Наталлі яшчэ з 1990-х гадоў, з публікацый у часопісе “Першацвет”. Рэкамендацыі на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў прадаставілі Васіль Жуковіч, Усевалад Сцебурака і Анатоль Івашчанка.
Наталку Харытанюк (Бабкову) -- філолага і празаіка, лаўрэата прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча рэкамендавалі да сяброўства ў СБП Анатоль Івашчанка, Барыс Пятровіч і Ігар Бабкоў.
Аляксей Чубат
Пісьменнік, журналіст і менеджар па рэкламе Аляксей Чубат атрымаў рэкамендацыі ад Змітра Вішнёва, Усевалада Сцебуракі і Глеба Лабадзенкі. На пасяджэнні выступіў Анатоль Вярцінскі, які напісаў прадмову да першай кнігі спадара Аляксея.
Падчас пасяджэння Рады
Падліковая камісія ў складзе Сяргея Законнікава (ганаровы сябар), Генрыха Далідовіча (старшыня камісіі) і Галіны Дубянецкай (сакратар камісіі) у выніку правядзення ананімнага галасавання абвесціла, што ў ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” прынятыя ўсе восем кандыдатаў.
Даклады пра дзейнасць абласных аддзяленняў СБП былі агучаныя прадстаўнікамі з Брэста, Магілёва, Гродна, Гомеля. Аповеды датычыліся выдання рэгіянальных альманахаў і інфармацыйных бюлетэняў, супрацоўніцтва са школамі і ўніверсітэтамі, працы з моладдзю. Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч акрэсліў пытанні па Віцебскім абласным аддзяленні, якое зараз аднаўляе сваю дзейнасць.
Пасяджэнне Рады завяршылася абмеркаваннем бягучых пытанняў грамадскай арганізацыі.
Тэкст: ВТ
Фота: Алена Казлова
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"