Павал Абрамовіч: Выбары без выбару, або Якому быць шорт-лісту прэміі Гедройца

Папярэджанне: тое, аб чым я пішу ніжэй, — мой асабісты прагноз. У мінулым годзе я — дзякуючы крытычнаму аналізу і інтуіцыі — правільна назваў двух з шасці намінантаў на прэмію Гедройца, кожнага трэцяга з шорт-ліста. 33,3% — добры адсотак для літаратурнага крытыка, які жыве ў эпоху Мо Яня і самвыдату ад Amazon.com. То паспрабую ператварыцца ў прагматыка і павялічыць яго, а яшчэ — назваць лаўрэатаў.

У чым мэта літаратурнай прэміі?

Ідэальна, калі яна прысуджаецца найлепшай мастацкай кнізе, калі ў выніку на літаратурнай вуліцы ладзіцца вялікае свята. Але ліхтары не гараць, карнавалу не будзе, і прэмія — усяго толькі баланс інтарэсаў і камерцыйны разлік, здаровы прагматызм і вырашэнне неадкладных калялітаратурных справаў, ну і лыжачка густаўшчыны, пах валідолу/карвалолу.

Таму для мяне не дзіўна, што ў шорт-ліст увойдзе раман У. Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (1) — «раманчык» вельмі слабы, які ўяўляе сабою ўсяго толькі голага публіцыстычнага караля, аднак там жа знутры красамоўнае савецкае жыццё, якое гаворыць само за сябе, толькі паспявай слухаць, якое добра памятаюць палякі.

Да таго ж асоба аўтара — вядомая, мас-медыйная, палітычна ангажаваная. Кніга ў перакладзе будзе прадавацца ого-го! (Наагул лічу, што гэты «раманчык» атрымае і саму прэмію, ганаровае першае месца — і тое для мяне чорная навіна з будучыні. Някляеву-паэту я толькі веру, у паэзіі — уся ягоная краса і моц).

У шорт-ліст трапіць раман Алеся Пашкевіча «Сімъ Победиши» (2), твор, які быццам створаны для прэміі з польскімі «каранямі»: тут і Іван Жахлівы, і Кацярына Ягелонка, і праекцыі-пераклічкі з сучаснасцю.

Кніга Пашкевіча мае мастацкія вартасці і гісторыка-дакументальныгрунт, які так любіць польская публіка, тое сапраўдны міжнародны бэстсэлер. Падчас свайго выбару журы будзе вагацца між гэтай кнігай і кнігай Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Аднак апошняя, на жаль, уяўляе сабою першую частку трылогіі (відавочная праблема з выданнем), і журы ўрэшце адступіцца ад Вырвіча.

Безумоўна, у шорт-лісце будзе «жаночы раман», і выбар тут — Алена Брава, яе кніга «Рай даўно перанаселены» (3).

Алена працуе на ніве літаратуры каторы ўжо год, быццам бы, ціха і непрыкметна працуе, але кнігі яе — заўважныя, сумна-густоўныя, з суплеццем жыццёвых лёсаў і думак — яны хораша наследуюць традыцыі Івана Шамякіна.

Гэта якасны ўзровень прозы, і няхай палячкі нарэшце адарвуцца ад сваёй улюбёнай Вольгі Такарчук дзеля гэтай кнігі, хоць і не дужа падобнай да кніг апошняй (і дзякуй Богу).

Дзве жанчыны з журы таму паспрыяюць.

Цяпер пра Альгерда Бахарэвіча — творцу, які неўпрыкмет і няўцям для многіх аднавіў жанр «пісьменніцкай крытыкі» — маю на ўвазе «Гамбургскі рахунак Бахарэвіча» (4).

Сімпатычна, што Альгерд рэгулярна выдае новыя кнігі, паступова творыць унутранае ўзыходжанне, а не сілкуецца перавыданнем старых твораў, як робіць тое 85% беларускіх пісьменнікаў. Зрэшты, журы інтрыгуе няўмольна — другі год запар абірае эсэ Бахарэвіча.

І яшчэ дзве кнігі.

Тое «Зямля пад крыламі Фенікса» Сяргея Балахонава (5).

Гэтая кніга знясе дах беларускаму чытачу (бо трэба ж нарэшце нешта рабіць са стэрэатыпамі і ідэаламі-ідаламі), прымусіць ва ўсім сумнявацца і тым самым верне яго найкарацейшай дарогай да сапраўднай Беларусі (эпіграфам да кнігі Балахонава можна было зрабіць словы М. Гарэцкага з эсэ «Наш тэатр»: «Беларус — гэта Хомка, што веры не дае») — зборнік гэты вынесе мозг і палякам, абеларусіць іх крыху, бо адна з задач прэміі Гедройца — «паспрыяць паглыбленню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры». Журы не адступіцца.

І нарэшце Адам Глобус, «Сказы» (6). Тут логіка такая: калі Глобус прайшоў у лонг-ліст, то і ў шорт-ліст пралезе, бо пракляне, у сшытачак, дзе ўсе сУчаснікі, запіша.

Відавочна, шорт-ліст атрымаўся неаб’ектыўным, чытачы наагул ні аб чым не здагадваюцца, а нейкі крытык шыпіць: «Где „Ш-ш-ш-шабаны“, моя прелесть?!», але ціха! На сцэну ўжо выходзяць лаўрэаты — Някляеў, Пашкевіч, Брава — і, бач ты, зласлівец Федарэнка ізноў падаслаў п’яных хамаў-сябручкоў!..

 

Павал Абрамовіч, nn.by