Павал Абрамовіч пра Год Кнігі

Сама па сабе ініцыятыва правесці Год кнігі — добрая, і тое, што яна зыходзіць ад уладаў, цалкам лагічна, бо беларуская дзяржава кантралюе каля 75% нацыянальнай эканомікі, самастойна вызначае сацыяльную, культурна-адукацыйную і выдавецкую палітыку ў краіне, абыходзячыся без прыватных інстытутаў і ўстановаў.


Я гартаў распрацаваны ўрадам краіны рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года кнігі, што складаецца з 40 пунктаў. План змяшчае важкія і вельмі патрэбныя нацыі культурныя мерапрыемствы, якія адбудуцца па ўсёй краіне; чырвонай ніткаю праз яго праходзіць святкаванне 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.Сёлета ў Беларусі запланавана мноства конкурсаў, выставаў, дабрачынных акцыяў, праектаў. Частка мерапрыемстваў пройдзе на міжнародным узроўні: адбудуцца міжнародны кангрэс «Нацыянальная бібліятэка як феномен культуры», VIII Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, міжнародны круглы стол «Энцыклапедыя — пашпарт краіны».


Разам з тым увасабленне ў рэчаіснаць нормаў указу № 618 і правядзенне свята літаратуры ў краіне немагчымыя з шэрагу аб’ектыўных прычынаў. Назаву тры найгалоўныя.


Смех д’ябла


Па выніках першых пяці месяцаў ужо можна канстатаваць: Год кнігі не праходзіць як Год беларускай кнігі.І гэта не дзіўна, бо ў краіне адбываецца мэтанакіраванае вынішчэнне беларускай цывілізацыі.


Беларусь, гвалтоўна адарваная ад нацыянальных каранёў — мовы, культуры, гісторыі — імкліва набыла ментальныя абрысы той самай гнюснай краіны, у якой згаданы мною Янка Купала спрабаваў скончыць жыццё самагубствам,а потым быў забіты спецслужбамі. І вось сёлета беларусам прапаноўваюць у рамках Года кнігі «культурна» адсвяткаваць юбілей Купалы — быццам д’ябал вырашыў шчэ раз пасмяяцца над нацыянальным лідарам, ягоным жыццём і мастацкай творчасцю. І жахлівы здеклівы смех над вялікай нацыяй і яе духоўнымі скарбамі не змаўкае каторае дзесяцігоддзе, коціцца па ўсё краіне!


Не цэнтр, а перыферыя


Немалаважна і тое, што Год кнігі адзначаецца ў часы, калі сама літаратура як від творчай дзейнасці чалавека пакрысе губляе сваё цэнтральнае месца і ролю.
Культурная іерархія знікае; чытацкая грамада дзеліцца на лакальныя групы(працэсы сегментацыі няспынна ідуць і ў самім грамадзтве), у якіх звесткі аб кнігах перадаюцца напрасткі, мінаючы такіх уплывовых раней пасярэднікаў, як настаўнікі, крытыкі, журналісты.


Павялічваецца колькасць чытачоў, якія не збіраюцца захоўваць кнігі, — яшчэ адно сведчанне ўсталявання новай рэчаіснасці. Так, у Расеі гэта ўжо 40% (!) ад агульнага ліку чытачоў кніг — нядзіва, што цяпер толькі 2% расейскіх сем’яў маюць вялікія хатнія бібліятэкі (звыш 600 тамоў), тады як у 1990-я гэта лічба складала 10%. Адначасова грамадская бібліятэка губляе сваю значнасць як сацыяльны інстытут. І хоць моладзь па-ранейшаму здабывае ў яе сценах веды, але сацыялагічныя даследаванні сведчаць: людзей, якія рэгулярна наведваюць бібліятэку, паменела ў разы.


Змены адбываюцца і ў самой літаратуры: яна рушыць ад буйных формаў да невялікіх, ад класічнай манеры пісьма — да мадэрновай, нелінейнай, ад пабытова-рэалістычных тэмаў — да інтэлектуальных, ад сур’ёзнага — да камічнага, ад мастацкіх вобразаў — да дакументальнай фіксацыі, а таксама выходзіць за межы жанраў ці балансуе на памежжы. Згадаю, што недзяржаўную прэмію імя Ежы Гедройца сёлета ў нас атрымаў зборнік апавяданняў «Зборная РБ па негалоўных відах спорту». Кніга Паўла Касцюкевіча ў значнай ступені адлюстроўвае спецыфіку сучаснай літаратуры, яе ўнутраны стан і знешнія працэсы драблення аўдыторыі: выбар журы якраз ухваліла найбольш актыўная цяпер (калі казаць пра нацыянальную літаратуру) чытацкая група — беларускамоўная моладзь, якая вызнае аўтара кнігі «сваім».


Аднак новыя рэаліі існавання літаратуры абсалютна не ўлічваюцца крыэйтэрамі, арганізатарамі Года кнігі — гэтыя людзі жывуць у іншым, небеларускім, вымярэнні і вырашаюць свае неадкладныя, прагматычныя праблемы, далёкія ад доўгатэрміновых нацыянальных задач, у ліку якіх — распрацоўка нацыянальнай праграмы папулярызацыі чытання, дазвол свабоднай працы прыватнага кнігавыдавецкага бізнэсу, стварэнне беларускай перакладчыцкай школы і інш. Усё адно гэта калісьці прыйдзецца рабіць, не зважаючы на тое, што свет больш не літаратурацэнтрычны.


Чытанне ў час галечы


У недалёкім мінулым у краіне адбыліся дзве дэвальвацыі (у маі і кастрычніку 2011 года), з-за чаго насельніцтва збяднела ўтрая. Сітуацыя ў эканамічнай сферы толькі пагаршаецца; паводле новых звестак Белстату, у Беларусі ёсць рэгіёны, дзе беспрацоўе сягае 10–15%, а сярод моладзі — і 20%. У неспрыяльных варунках жыцця людзі ашчаджаюць з цяжкасцю заробленыя грошы і найперш эканомяць на культурным адпачынку, па-іншаму бавяць вольны час. А кнігі цяпер каштуюць вельмі дорага, не кажучы пра даведнікі, слоўнікі, энцыклапедыі.


Канешне, значная колькасць людзей — чытачоў кніг цяпер падалася ў бібліятэкі і букіністычныя крамы ці абрала электронныя гаджэты, займеўшы «хатнія» бібліятэкі памерам у дзясяткі гігабайт. Але я не кажу пра стратэгіі паводзінаў (выжывання) асобных групаў чытачоў і новыя ўмовы існавання літаратуры, а акцэнтую ўвагу на немагчымасці паўнавартаснага святкавання Году кнігі ў нашай краіне.


Наша свята


Так, чыноўнікі «ад мастацтва» з веданнем справы пракруцяць вялікія бюджэты, выдаткаваныя на Год кнігі з нашай з вамі кішэні. Школьнікі выправяцца аўтобусамі на «малую радзіму» Коласа, у кніжныя крамы падвязуць новыя мастацкія альбомы і зборы твораў, праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі на шырокую нагу адзначыць 80-годдзе стварэння «сваёй» арганізацыі (п. 15 плану мерапрыемстваў па правядзенні Года кнігі), у праўладных СМІ прагучаць панегірыкі высокай ролі кіраўніцтва Беларусі ў развіцці літаратуры і чытання, у новую прамову Лукашэнкі спічрайтары ўвапхнуць чарговую цытату з Дастаеўскага ці Купалы. І ўсё гэта будзе адбывацца ў краіне, дзе 82% ад невялічкай агульнай колькасці чытачоў чытаюць кнігі па-расейску і толькі 13,8% — па-беларуску; пры гэтым 70% з апытаных не ведаюць ніводнага сучаснага пісьменніка! Гэты «кніжны» год — «скокі на касцях» беларускай цывілізацыі, чарговае святкаванне ў стылістыцы Дажынак. Але мы можам годна адказаць на новы выклік рэжыму, найперш чытаючы сапраўдную беларускую літаратуру.


Мы таксама можам набываць беларускамоўныя кнігі і часопісы для сваіх дзяцей, сяброў і знаёмых, можам наведваць прэзентацыі кніг, удзельнічаць у буккросінгу і іншых літаратурных акцыях, можам пісаць у сацыяльных сетках аб сваіх літаратурных уражаннях, ахвяраваць кнігі дзіцячым дамам. Мы можам многае.
Праявіўшы чытацкую салідарнасць, мы здольныя зрабіць і гэты год, і ўсе наступныя сапраўдным Святам беларускай кнігі,якое заўсёды будзе з намі.

 

Павал Абрамовіч, nn.by