Павал Абрамовіч прадстаўляе літаратурныя вынікі 2012 года

2012 год скончыўся. Ягоныя вынікі склаліся ў мяне ў такі рэйтынг.

Адкрыццё года

Сапраўдным літаратурным адкрыццём года для мяне стаўся гарадзенскі пісьменнік Андрэй Пакроўскі, які, між іншым, прысутнічае ў беларускай літаратуры ўжо восем гадоў. Сёлета ў выдавецтве «Логвінаў» пабачыла свет кніга ягоных апавяданняў «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза».

У пачатку мінулага стагоддзя некаторыя мастацкія творы беларускія крытыкі называлі «абразкамі», і гэта найлепшае азначэнне для твораў Пакроўскага. У кожным творы-шкельцы бачная нервова-трапяткая сутнасць маладога жыцця, якому хочацца фарбаваць батарэі ў розныя колеры, прачынацца ад пацалункаў у вуха, гучна смяяцца, назіраючы за мінскімі літаратарамі ці гарадзенскімі кантралёрамі. Але ты расцеш, пачынаеш належаць не самому сабе, а цэламу свету, і вось ён — першы страх, што ты — гэты не ты, першы сон, што ты памёр у сне. Аднак вера ў літаратуру непахісная і звонку яшчэ блішчыць надзея:«ладна, сказаў тата. ладна, сказала мама, з нашага сына не выйшаў антон, бо ён самы сапраўдны андрэй, але ўсё ж такі ён наш сын, мы яго любім, тут ужо нічога не зробіш, добра яшчэ, што андрэй, а не нейкі там сяргей, сяргей — гэта ўвогуле гаўно рэдкае».

Кніга года

Кірыл Дубоўскі — фіналіст конкурсаў маладых літаратараў да стагоддзя газеты «Наша Ніва» (2007), Слово.doc (2009), імя Ларысы Геніюш (2010) — выдаў у 2012 годзе кнігу апавяданняў «Хороший роман», якая заслугоўвае чытацкай увагі і звання найлепшай кнігі года. Пісьменніцкі стыль Дубоўскага мінімалістычны; літаратурная тэхніка яго простая, цалкам пазбаўленая складаных моўных канструкцыяў, аўтарскіх метафараў. Тэматыка твораў звыклая: каханне, сяброўства, пошукі сябе і свайго месца ў жыцці, абарона душы ад чужых вартасцяў і ўласнай адзіноты. У кнізе вырашаюцца толькі літаратурныя задачы — аніякай палітыкі, падмены літаратурных метадаў і прыёмаў сродкамі публіцыстыкі тут і блізу няма.

Гэтая кніга ўвасабляе адразу некалькі важкіх тэндэнцыяў у сучаснай беларускай літаратуры.

Па-першае «Хороший роман» — зборнік апавяданняў, а апавяданне апошнім часам — улюбёны жанр нашых пісьменнікаў. І ўсё было б добра, але літаратурны трэнд Беларусі — «кнігай» называць зборнік. Каб з’явілася кніга, трэба напісаць кнігу. Каб з’явіўся зборнік, дастаткова ўкласці зборнік. Нядзіўна, што рэдактары — укладальнікі зборнікаў зрабіліся «шэрымі кардыналамі» беларускай літаратуры. І ці чулі вы наогул, каб пра зборнік казалі, што ён — слабы?.. Аднак пакінем тое пытанне ўбаку, тым болей што апавяданні Дубоўскага ўтвараюць цэласную кнігу, яны несупярэчлівыя і сугучныя адно аднаму — у адрозненне ад большасці беларускіх мастацкіх «кніг».

Па-другое, кніга Дубоўскага складаецца з літаратурна-мастацкіх тэкстаў, якія ствараліся цягам 2004–2010 гадоў. Тое таксама тэндэнцыя, бо цяпер толькі зрэдчас выдаюцца цалкам новыя зборнікі апавяданняў — беларускія пісьменнікі жывуць пераважна сваімі перадрукамі.

Па-трэцяе, кніга Дубоўскага — расійскамоўная (за адзіным творам-выняткам). Існуе меркаванне, быццам усіх расійскамоўных беларускіх пісьменнікаў трэба сагнаць у рэзервацыю ці выправіць у Маскву. Я ж лічу, што гэтыя літаратары робяць шмат важнага для беларускага слоўнага мастацтва, у іх асяроддзі адбываюцца цікавыя рэчы і менавіта яны больш асэнсавана і ўпэўнена кіруюць літаратурным працэсам. Дубоўскі — іх яскравы прадстаўнік.

Літаратурны крытык года

Анатоль Сідарэвіч у 2012 годзе браў удзел ва ўсіх значных літаратурных палеміках і дыскусіях (найперш вакол «Гамбургскага рахунку Бахарэвіча» і «Цёмнай каморы белліту» Яна Максімюка), выкарыстоўваў усю палітру жанраў літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі, звяртаючыся да чытачоў са старонак «Нашай Нівы» (агляды «Без fiction» і «Пра недарэчнасці і навуковую этыку», праблемныя артыкулы «Праблема Ластоўскага» і «З нафталіну дастатыя», партрэтны нарыс «Ён узняў жалезны ложак і ножку ложка паставіў сабе ў рот…», рэцэнзія «Своеасаблівы Янка Юхнавец» і інш.).

У 2012 годзе Сідарэвіч ізноў працаваў адзін за цэлы ўніверсітэт. Ягонае меркаванне было ўзважаным і неабходным, а назіранні — трапнымі і арыгінальнымі. Асабіста для спадара Анатоля найперш важныя два прынцыпы ў прафесійнай дзейнасці: навуковасць і беларускасць. Тэксты Сідарэвіча ім адпавядалі, і ў гэтым ягоная навука калегам.

Аднак гэта яшчэ не ўсё: у 2012 годзе Сідарэвіч віншаваў пісьменнікаў з юбілеямі (Алеся Наўроцкага і Алену Васілевіч), ладзіў памінальныя сталы па тых літаратарах, якія ўжо сышлі з жыцця (Зміцер Жылуновіч, Мікола Купрэеў, Алесь Петрашкевіч). Менавіта гуманізм літаратурна-крытычных тэкстаў Сідарэвіча, ягоная асабістая годнасць і шчырая павага да жывых і памерлых беларускіх пісьменнікаў дае права назваць яго «Літаратурным крытыкам года».

Выдавецтва года

«Палімпсест» Алеся Аркуша і «Шабаны» Альгерда Бахарэвіча, «Рай даўно перанаселены» Алены Брава і «Шалі» Змітра Баяровіча, «Дзеці і здані» Веры Бурлак і «Стапеліі» Віктара Жыбуля, «Шал» Юрыя Станкевіча і «Сечка» Андрэя Федарэнкі, «Страчаны лёс» Імрэ Кёртэса і «Пяты этап» Сяргея Пясэцкага… Гэтыя і іншыя кнігі выйшлі сёлета ў выдавецтве «Галіяфы», якое вартае таго, каб звацца «Выдавецтвам года».

Кнігі «Галіяфаў» у 2013 годзе абавязкова ўвойдуць у лонг- ішорт-лісты прэстыжнай літаратурнай прэміі імя Гедройца. Найперш кнігі прозы Бахарэвіча, Станкевіча, Федарэнкі, Брава, Талстова.

Тэндэнцыя года

Да стагоддзя з дня нараджэння Максіма Танка быў падрыхтаваны зборнік ягоных вершаў «Абвяржэнне» (Мінск: Логвінаў, 2012). Укладальнік зборніка, паэт Андрэй Хадановіч, адабраў сто вершаў, якія, на ягоную думку, з «пэўнасцю «даехалі да нашчадкаў», належаць да корпусу найлепшай беларускай паэзіі XX стагоддзя.

Тэндэнцыя падачы мастацкіх твораў у адрыве адграмадска-палітычнага кантэксту іх стварэння, ідэйна-эстэтычнайрэвізіі і персаналізаванага адбору тых твораў беларускай савецкай класікі, што «вытрымалі праверку часам», усё больш легалізуецца ў навуковых і чытацкіх колах нашай краіны. Яна «абвяргае» тэндэнцыю сярэдзіны 90-х — пачатку 2000-х, калі айчынныя крытыкі і літаратуразнаўцы разам з часткай пісьменніцка-чытацкай грамады абвяшчалі ўсю беларускую савецкую літаратуру «сатанісцкай» падробкай пад нацыянальнае мастацтва, разглядалі яе толькі як частку гісторыі таталітарызму ў Беларусі.

Расчараванне года

Іх два. Па-першае, правядзенне Года кнігі ў Беларусі. Спраўдзіўся мой прагноз, агучаны паўгода таму: нягледзячы на вялікія планы, бюджэты і рэсурсы, Год кнігі не адбыўся як Год беларускай кнігі, і грамадства амаль не звярнула на яго ўвагі. І ўсё гэта — праз антыбеларускую, квазікультурную палітыку беларускіх уладаў.

Па-другое, расчараваў выбар лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры — кітайскага пісьменніка Мо Яня (абгрунтаванне камітэта: «За ягоны ашаламляльны рэалізм, які яднае народныя казкі з сучаснасцю»). Намеснік старшыні Саюза кітайскіх пісьменнікаў Мо Янь у адным з інтэрв’ю параўнаў цэнзуру з «неабходнай, хоць і непрыемнай праверкай накшталт тых, якія ладзяць службы бяспекі ў аэрапортах». Цалкам згодны з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі 2009 года Гертай Мюлер: узнагароджанне Мо Яня — катастрофа. Ад сябе дадам: і перамога сервільнага мастацтва. Дарэчы, Нобелеўская прамова па літаратуры — 2012 — ці не самы кволы, банальны тэкст у гісторыі найноўшай сусветнай публіцыстыкі, прыклад няўдалай будовы пісьменнікам камунікацыі з чытачом:

«For a writer, the best way to speak is by writing. You will find everything I need to say in my works. Speech is carried off by the wind; the written word can never be obliterated. I would like you to find the patience to read my books. I cannot force you to do that, and even if you do, I do not expect your opinion of me to change. No writer has yet appeared, anywhere in the world, who is liked by all his readers; that is especially true during times like these».

У канцы артыкула — адным сказам.

«Вяртанне года» — выхад новай кнігі Леаніда Галубовіча «З гэтага свету: вершы пасля вершаў» («Кнігазбор»).

«Пераслед года» — закрыццё часопіса «ARCHE» і спыненне ягоных кнігавыдавецкіх праектаў.

«Скандал года» — надрукаванне ў газеце «Suddeutsche Zeitung» антыізраільскага верша «Тое, што мусіць быць прамоўленае» нямецкага пісьменніка, нобелеўскага лаўрэата па літаратуры 1999 года Гюнтэра Граса.

«Сенсацыя года» — выданне аповесці Васіля Быкава «Атака» («Дзеяслоў», № 1).

«Страта года» — сыход з жыцця трох знакамітых пісьменнікаў-фантастаў: Рэя Брэдберы, Гары Гарысана і Барыса Стругацкага.

«Пагадненне года» — паглынанне расійскім выдавецтвам «Эксмо» свайго канкурэнта «АСТ», у выніку чаго на рынку краіны з’явіўся манапаліст, а прыватныя кнігавыдавецкія ініцыятывы і праца невялікіх выдавецтваў сталіся амаль немагчымымі (многія спецыялісты называюць гэтую камерцыйную ўгоду «рэйдарскім захопам»).

«Трэнды года» — прасоўванне на кніжным рынку фліпбэкаў (кніг на танюткай паперы са спецыяльным пераплётам і перакіднымі старонкамі) і бум кніг аб геаграфіі (так, у кнізе «Помста геаграфіі» Роберта Каплана даводзіцца, што геаграфія — ключ да гісторыі, а на мапах зашыфраваны лёс дзяржаваў і народаў).

«Ідэі года» — распрацоўка нямецкім крэатыўным агенцтвам «Korefe» першай у свеце ядомай кухарскай кнігі «The Real Cookbook» і падрыхтоўка нямецкім выдавецтвам «Steidl» першай у свеце «кніжнай» парфумы «Paper Passion» (удзел у распрацоўцы браў Карл Лагерфельд).

«Найлепшы аўтарскі калектыў» — часопіс «Дзеяслоў».

«Найлепшая дакументальная кніга» — даследаванне Сяргея Дубаўца «Майстроўня: гісторыя аднаго цуду» (серыя «Бібліятэка Свабоды»).

«Найлепшы замежны раман, выдадзены па-беларуску» — «Anarchy in the UKR» украінца Сяргея Жадана (перакладчык Алег Жлутка; выдавецтва «Логвінаў»).

«Найлепшы замежны раман, выдадзены па-руску» — «Мапа і тэрыторыя» француза Мішэля Уэльбэка (перакладчык Марыя Зоніна, выдавецтва «Астрель: CORPUS»).

«Найлепшая беларуская дзіцячая кніга» — зборнік апавяданняў Людмілы Ціняковай «Дзiвосы летняга лугу» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»).

«Найлепшая замежная дзіцячая кніга, выдадзеная па-беларуску» — трохтомнік паляка Януша Корчака «Кароль Мацюсь Першы», «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве»,«Кайтусь-чарадзей» (перакладчыкі: Ядвіга Бяганская, Уладзімір Васілевіч, Марына Шода; выдавецтва «Логвінаў»).

«Найлепшая экранізацыя беларускай кнігі» — кінастужка «У тумане» Сяргея Лазніцы паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава.

«Найлепшая экранізацыя замежнай кнігі» — кінастужка «Сутычка» (The Grey) Джо Карнахана паводле апавядання Яна Макензі Джэферса «Прывідны хадок» (Ghost walker).

Павал Абрамовіч, nn.by