Павал Касцюкевіч — першы лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца

Сёння, 3 сакавіка, у Палацы мастацтваў абвясцілі пераможцу літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца, заснаванай сёлета. Яе першым лаўрэатам стаў Павал Касцюкевіч. Ён атрымае 105 мільёнаў рублёў і месяц творчага адпачынку на шведскім востраве Готланд за кнігу “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”.

Павал Касцюкевіч

 
Альгерд Бахарэвіч, Павал Касцюкевіч, Артур Клінаў


Спачатку на прэмію прэтэндавалі дванаццаць кніг, у шорт-ліст увайшлі шэсць. Апроч лаўрэата ў фінале апынуліся:

Уладзіслаў Ахроменка з кнігай “Тэорыя змовы”; 
Альгерд Бахарэвіч з кнігай “Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча”; 
Артур Клінаў з кнігай “Шалом: ваенны раман”;
Аляксандр Лукашук з кнігай “След матылька. Освальд у Мінску”; 
Андрэй Федарэнка з кнігай “Мяжа”.

 
Альгерда Бахарэвіча з 2-м месцам віншуе Уладзімір Арлоў


Альгерд Бахарэвіч заняў другое месца, за якое даецца магчымасць месячнага творчага побыту ва Уроцлаве і сертыфікат на выданне кнігі-лаўрэата па-польску, трэцяе — Андрэй Федарэнка (месячны побыт ва Уроцлаве). 

Выступае часовы павераны Рэспублікі Польшча ў Беларусі Вітальд Юраш

Прамаўляе Андрэй Хадановіч. На экране - пасол Польшчы Лешак Шарэпка

Выступае Барыс Пятровіч

Літаратурная прэмія Гедройца прысуджалася за найлепшую кнігу, выдадзеную (у папяровым або электронным варыянтах) у 2011 годзе на беларускай мове ў жанрах “мастацкая проза”, “эсэістыка”. 

У журы прэміі імя Гедройца ўвайшлі: старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, старшыня беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, філосаф Валянцін Акудовіч, крытыкі Людміла Рублеўская і Маргарыта Аляшкевіч, перакладчык і старшыня Польскага ПЭН-Клуба Адам Паморскі, дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Пётр Казакевіч. Ганаровы старшыня журы — пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка. 

Заснавальнікі прэміі — пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр”, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і ЗАТ “Сомбелбанк”.

 

prajdzisvet.org

Фота - svaboda.org