Павал Касьцюкевіч: “Аўтограф Вонэгута ў мяне дома ў рамцы вісіць”

У выдавецкай сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выйшла кніга знанага амэрыканскага пісьменьніка Курта Вонэгута “Бойня №5” у перакладзе на беларускую мову Паўла Касьцюкевіча. Спадар Касьцюкевіч ужо добра вядомы беларускаму чытачу дзьвюма кнігамі перакладаў зь іўрыту сучасных ізраільскіх літаратараў і зборнікам уласнай прозы “Душпастырскія спатканьні для дачнікаў”. Сёньня – ён госьць нашай менскай студыі.

Валянціна Аксак: “Спадар Павал, чым вас прывабіў раман Курта Вонэгута “Бойня №5?”

Павал Касьцюкевіч: “Перакладаць амэрыканскую літаратуру хацелася заўсёды і я яе пачаў перакладаць значна раней за ізраільскую. Мне тады падавалася, што тое, што ляжыць пад нагамі, ня вартае перакладу, у чым я потым шчасьліва памыліўся. Але сьпярша ўсё ж было жаданьне перакладаць творы зь вялікіх літаратур – як то амэрыканская, французская альбо польская. А паколькі я ведаю ангельскую, дык вырашыў адразу перакладаць Курта Вонэгута. Ён прывабіў мяне надзённасьцю сваёй праблематыкі для Беларусі, у якой па-ранейшаму Другая сусьветная вайна зьяўляецца краевугольным каменем у гісторыі. Хацелі б мы гэтага ці не хацелі – але яно так. І таму голас чалавека, які перажыў гэтую вайну, і які мае штосьці сказаць адрознае ад афіцыйнага, вельмі прываблівае. Тут ў чымсьці можна параўнаць Вонетута з Быкавым – прыватны голас чалавека пра вайну”.

Аксак: “У першым разьдзеле раману аўтар піша, што калі ён зьбіраў успаміны сьведкаў бамбаваньня авіяцыяй саюзьнікаў Дрэздэну ( гэтыя падзеі леглі ў аснову “Бойні №5”), то жонка аднаго ягонага былога баявога сябра люта яго ўзьненавідзела за тое, што ён варушыць гэтую балючую тэму…”

Касьцюкевіч: “Тое, што напісаў Вонэгут, ня ўсім спадабалася. Ягоную кніжку нават забаранялі, наколькі гэта магчыма зрабіць у ЗША, у першыя два гады пасьля выданьня. Цяжка было перастрававаць усю праўду пра тую бойню і зразумець, што на вайне часам не бывае белага і чорнага з розных бакоў, а толькі чорнае з абодвух, з абодвух церпяць мірныя жыхары”.

Аксак: “Вы пераклалі гэтую кніжку, калі Курт Вонэгут быў яшчэ жывы. Ці зьвязваліся вы зь ім?”

Касьцюкевіч: “Канечне, зьвязваўся. Проста чыста нават паразмаўляць праз перапіску хацелася, хоць, наколькі я ведаў, Вонэгут ня вельмі сябраваў з інтэрнэтам. Але ўсё ж пару слоў я ад яго атрымаў. Ён напісаў мне аўтограф, які даслаў праз нью-ёркскага беларуса Лявона Юрэвіча. Менавіта спадар Юрэвіч стаўся пасярэднікам нашай дамовы з аўтарам наконт беларускага перакладу. А аўтограф Вонэгута цяпер у мяне дома ў рамцы вісіць”.

Аксак: “Што там напісана?”

Касьцюкевіч: “Пажаданьні посьпехаў і адрас. Я атрымаў гэты аўтограф за некалькі месяцаў да сьмерці аўтара”.

Аксак: “А як ён успрыняў тое, што дзесьці ў далёкай маленькай Беларусі хочуць перакласьці ягоны раман праз больш як сорак гадоў пасьля ягонага выхаду і пасьпяховага прачытаньня ў многіх краінах сьвету?”

Касьцюкевіч: “Узрадаваўся”.

Аксак: “Што-небудзь яшчэ з Курта Вонэгута вы зьбіраецеся перакладаць?”

Касьцюкевіч: “Не. Пакуль што хачу перакладаць нешта весялейшае. Цяпер у мяне на стале ляжыць “Аўтаспынам па Галяктыцы” Дугласа Адамса. Гэта таксама фантастыка, але трошкі іншая, чым у Вонэгута, больш прыгодніцкая. “Бойня №5” – гэта ўсё ж псэўдафантастыка. Хоць там і ёсьць прыхадні з космасу, але ўсё ж гэта твор з выхадам у экзыстэнцыю, а хочацца перакладаць цяпер штосьці лёгкае. “Аўтаспынам па Галяктыцы”, спадзяюся, будзе такой кніжкай і яна прыйдзецца да смаку беларускаму чытачу”.

Аксак: “А ці плянуецца прэзэнтацыя кніжкі “Бойня №5” і дзе й калі яна адбудзецца?”

Касьцюкевіч: “Плянуецца ў першых днях верасьня ў кнігарні "Галерэі Ў". Спадзяюся, на ёй выступяць і іншыя перакладчыкі і літаратары. Рэч у тым, што цяпер у Беларусі вельмі шмат хто перакладае з амэрыканскай літаратуры і мяркую, што беларускім перакладчыкам ёсьць што сказаць пра гэта”.

Аксак: “Ці будзеце вы запрашаць на гэтую прэзэнтацыю каго-небудзь з амэрыканскіх прадстаўніцтваў у Беларусі?”

Касьцюкевіч: “Убачаць абвестку і прыйдуць самі. Амэрыка вельмі цікавая краіна ў тым сэнсе, што яна – адзін з флягманаў свабоды на зямным шары, але яе літаратура вельмі рэзка крытыкуе дзяржаву, урад, ягоную палітыку. І гэта, напэўна, вельмі вабіць нашых перакладчыкаў. Тэма несвабоды чалавека ў грамадзтве, нават вольным, вельмі вабіць і саміх амэрыканскіх літаратараў. Яна праходзіць праз усю амэрыканскую літаратуру. Што Джон Стэйнбэк з “Гронкамі гневу”, што Курт Вонэгут, што Кен Кізі – там кожны апісвае сваю няволю, апісвае вельмі жыва, вельмі пераканаўча. Таму вельмі вабіць амэрыканская літаратура беларускіх перакладчыкаў”.

ПАВАЛ КАСЬЦЮКЕВІЧ. МОЙ ФРАНТАВЫ ТАВАРЫШ КУРТ ВОНЭГУТ

Пасьлямова ад перакладчыка

У дзяцінстве кожны вечар перад сном я марыў, як забіваю свайго найлепшага сябра. Во як. Зь цягам часу мае начныя ўявы запоўнілі аголеныя жанчыны, але ж ад васьмі да трынаццаці гадоў я, вечар пры вечары, мэтадычна і мэтаскіравана забіваў свайго найлепшага сябра Андрэя Кузьменку. Я забіваў яго стрэламі зь пісталету, нясьпешна ды канчаткова, з кіслым смакам шкадобы ў роце, які напоўніцу кампэнсаваўся слодыччу выкананага абавязку, якая расьцякалася недзе ў сярэдзіне жывата…

Трэцяя сусьветная падгрэбла да свайго лягічнага завяршэньня: мы іх сьцёрлі ў кіслы яблык. У маіх думках усё збольшага выглядала, як тое прапанаваў фільм «Тэрмінатар»: лазэры, блястэры, пакарабачаныя кібаргі і непераможаныя мы. Я ўжо пасьпеў добра паваяваць, і калі ўсе пераканаліся ў маёй адвазе, пасярэдзіне вайны мяне прызначылі быць контрвыведнікам. Мой жа найлепшы сябра пацёгся крывой дарожкай запраданца. Чаму дзеля гэтай нехлямяжай ролі я абраў менавіта яго? Па-першае, я быў пэўны, што толькі мой найлепшы сябра, які ўсё разумее і амаль ўсё ўмее, дасьць рады гэткай складанай ды пакручастай ролі. Па-другое, мая падсьвядомасьць неяк так зьветрыла, што гераічныя мары, зьдзяйсьненьня якіх прагнула ўсё маё нутро, вымагалі годнай ахвяры, а чалавек, уганараваны меншым паводле значнасьці тытулам, чым Найлепшы сябра», іх мог задаволіць наўрад.

Фінальная сцэна разгортвалася на лётнішчы эўрапейскага аэрапорту. У маёй галаве старэнькая сядзібка «Мінску-1» загрыміравалася пад штосьці васальна-малюпацкае, зласьліва-варожае: пад галяндзкае або заходненямецкае прадмесьце. Мой найлепшы сябра скраў стратэгічную мапу Гомельскай вобласьці і цяпер мерыўся пераможна адымчаць яе ў Нью-Ёрк. Перад вылетам ён да такой ступені разьняволіўся, што яшчэ ў салёне «Мэрсэдэсу» апрануў скураны плашч цэрэушнага афіцэра. Здраднік горшы за ворага, таму са словамі «Ты мне быў сябрам!» я смаляў Андрэю ў жывот і той ляцеў носам у хмызы (адкуль яны там на лётнішчы?). Мроячы гэта, я цалкам разумеў, што лепшага сябра ў мяне ня будзе давеку, аднак я без ваганьняў паўтараў забойства кожную наступную ноч. Мае мроі забіць найлепшага сябра былі крышталёва чыстымі, як гаўняшкі немаўляці. Я забіваў сябра гэтак часта, што адшліфаваў уяву да зьвінячай дасканаласьці: дастаткова было легчы і заплюшчыць вочы, як стужка майго фільму закручвалася самохаць і ва ўсіх ранейшых дэтальках пачынала наноў разыгрывацца ідэальна дапасаваная трагедыя. Я засынаў з усьмешкай на твары..

* * *

Аднак забойства не было апафэозам маіх фільмамараў. Да таго ж гэта быў цэлы сэрыял. Вось ён я, на амэрыканскай зямлі са сваёй баявой сяброўкай, відаць, прамацеркай ўсіх тых аголеных дзяўчатаў, якія потым, у падлеткаўстве, напакуюцца ў мае мроі: нам па 21 і мы, яшчэ нават не пасьпеўшы пераапрануцца ў цывільнае, у шараговай нью-ёрскай школе на бездакорнай ангельскай вучым амэрыканскую дзятву расейскай мове.

Дарэчы, у сваім школьніцтве я не сумняваўся, што самі мы вучым ангельскую якраз дзеля ваенных і да іх падобных мэтаў — інакш начорта ўсе гэтыя выдзыганьні з «Pass me your money please», «Саn I have your watch?», нашто нам словы, якія інакш ніколі не давядзецца прамаўляць, калі яны ня будуць гучаць у загадным рытме, якому, усё роўна як настаўніцкая ўказка, дапамагае калашнікавая руля?

Я лічыў, што выкладаць амэрыканятам расейскую мову ў першыя пасьля перамогі дні — звышважна. Дзеці ж ні ў чым не вінаватыя і прагнуць сапраўдных ведаў: праўдзівай матэматыкі, праўдзівай біялёгіі і такой самай хіміі. Праўда возьме сваё, нягледзячы на тое, што раней ім дзяўблі, што добрае — гэта дрэннае і — наадварот. Я думаў, што амэрыканскім дзецям трэба адно як сьлед усё патлумачыць, зрабіўшы гэта на самай правільнай мове сьвету — расейскай. Пасьля гэтай уявы мне таксама спалася соладка.

* * *

У 1960-1980-ыя гады ў СССР была такая завядзёнка: на сьвяты школьнікі дасылалі паштоўку зь віншавальнымі словамі якому-небудзь былому франтавіку зь іншай рэспублікі. Майму дзеду, які прайшоў Сталінград, такую паштоўку даслаў адзін школьнік з Уфы. Віншаваньне пачыналася словамі "Вітаю цябе, мой франтавы таварыш!". Дзеда гэты зварот моцна разьвесяліў, і гісторыю зь лістом башкірскага хлопчыка ён распавядаў потым шмат каму. Мяркуючы па частаце яе паўтарэньняў і па ягоным заўсёдным сьмеху, гэтая гісторыя апынулася сярод тых нямногіх ударных жартаў, якія цешаць і мацуюць чалавека праз усё жыцьцё, ды якіх за ўсё тое жыцьцё будзе штук 10-20, ня больш. У мяне самога назапашана колькі такіх хвацкіх показак, напрыклад, пра аднаклясьніка Юру Лібмана, які на загад фізрука прыйсьці ў школу з лыжамі — прывалок санкі, а стоячы зь імі пры пастраеньні, апраўдваўся, што папросту на лыжах ня ўмее.

* * *

Тады, у дзяцінстве, я выдатна ведаў, што калі б дых перацяла патрэба, дык я не вагаючыся аддаў бы жыцьцё за двух людзей: за свайго дзеда, а таксама за Леніна, калі б той быў жывы.

* * *

Дзед быў добрым дзедам і бацькам. А вось мужам ён быў горш не прыдумаеш: здрады з рознымі жанчынамі ды іншыя збытныя прыкрасьці і непрыемнасьці. Намучыўшыся, бабуля яшчэ ў маладосьці разьвялася зь ім, што ў тыя часы лічылася нечувалым скандальным учынкам. Дзед жа да глыбокай сталасьці — ужо пабраўшыся другім шлюбам — працягваў бурліва ліставацца са шматлікімі каханкамі, дасылаючы ім палкія прызнаньні і сякія-такія грошы. Перад самай сьмерцю дзед сказаў маёй маці: “Алачка, ведаеш, старасьць — такое паскудзтва! І калі хто пачне цьвердзіць што яна, раўнуючы з маладосьцю, мае свае плюсы — плюнь таму чалавеку ў твар”.

* * *

А вось ніжэйшае на адзін абзац выслоўе таксама прагучала незадоўга да сьмерці прамоўцы. Падчас Карыбскага ракетнага крызысу ўсё зямное людзтва, кажучы мэтафарычна, з уласнай ініцыятывы пашыхтавалася скрай Вялікага Каньёну і здранцьвела слухала тлумачэньні сусьветных лідэраў, якія, тыцкаючы пальцамі адзін у аднаго, навыперадкі палка выкрыквалі, зь нядобрай ласкі каго зь іх зараз усё людзтва разам павінна скочыць у бездань. Дык вось тое выслоўе, якое прамовілася неўзабаве пасьля той глябальнай мізансцэны:

"Нашы праблемы створаныя чалавекам і, знакам тым, разьвязаць іх таксама зможа чалавек".

Аўтар — Джон Кенэдзі. Ён прамовіў гэтыя словы студэнтам Вашынгтонскага ўнівэрсытэту за шэсьць месяцаў да ўласнай сьмерці. Ну, я губляюся ў згадках, на якога чалавека намякаў у гэтым выказваньні ананімны Кэнэдзевы сьпічрайтэр: можа быць, на самага вядомага ў сьвеце менчука Лі Гарві Освальда?

* * *

Дзяцінства прамінула ў Менску, ля дзіцячай чыгункі, названай у гонар партызана-падрыўніка работніка чыгуначнага дэпо Канстанціна Заслонава. Не хаваю, катацца па чыгунцы, якая носіць імя чалавека, чыім заняткам сталася рамантаваньне цягнікоў, а потым іх падрываньне, было трывожна.

На той чыгунцы пад наглядам дарослых працавалі дзеці: дзеці-машыністы, дзеці-кандуктар, дзеці-праваднікі, а станцыю атачаў парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў — такі сабе дзіцячы лес. Згэтуль я зрабіў выснову, што паміж хваінаў парку знойдуцца таксама дзеці-падрыўнікі, якім дарослыя прачыталі кароткі, але зьмястоўны курс бомбабудаваньня і рэйкаразбурэньня.

Недалёк ад дзіцячай чыгункі разьлеглася кінаімпэрыя «Беларусьфільм»: павільёны і шырэзныя пляцы былі проста набіткаваныя вайсковай тэхнікай ваенных часоў. Аднойчы падчас чарговай несанкцыянаванай экскурсіі мне, малому га(лава)рэзу, аднаму з усёй пачэснай хеўры, выпала трапіць у прыхапкі вартаўніка. Я ня быў марудам раўнуючы сваіх сяброў: проста сярод гарматаў, каркасаў танкаў і самалётаў я заўважыў карэту з разьбянымі вокнамі і блазанскай жоўтай фарбоўкай, якая, пэўна, брала ўдзел у здымках якогасьці дзіцячага фільму. І вось замест таго, каб уцякаць ад пагоні, складзенай з пасінелага ад брэху тузіка і пары адтаптаных — халявы па зямлі — кірзавых ботаў, я сшэрх спасярод гэтага трыюмфу бутафорскасьці. Мяне схапілі ды некуды павялі: я валачыўся, сьцяты ў запясьці шурпатай лапай і ахутаны парамі амаль адчувальнай на дотык лаянкі. Але ж мне было на гэта напляваць. Хай забіраюць, хай міліцыя, хай дзіцячая калёнія. Цяпер мне ўжо ўсё роўна, бо ў маіх скронях пульсавала прыкрае адкрыцьцё: «На гэтай кінастудыі здымаюць ня толькі пра вайну, але і пра ўсялякую лухту".

* * *

Нядаўна я наладзіў для сябе самога рэтра-сэанс прагляду сваіх дзіцячых мараў. Гэта неяк спантанна атрымалася: маленькія трагедыі дарослага, вечар і крыклівая адсутнасьць людзей, за якіх ты гатовы вокамгненна аддаць сваё жыцьцё. Паколькі ў дзяцінстве я выкшталтаваў свае ўявы да дасканаласьці, то хутка адшукаў іх у памяці і паставіў на «плэй» улюбёныя сцэны з забойствам на лётнішчы ды выкладаньнем рус'язу ў нью-ёрскай школе. Плёнка там-сям пасьціралася, абрысы маёй сяброўкі адпаведна зь цяперашнімі эталёнамі прыгажосьці зьмяніліся, але збольшага ўсё засталося на месцах. Трохі адстаронена гледзячы даўкае настальжы, я раптам зьвярнуў увагу на адну дэтальку. У апошнія моманты жыцьця мой сябра, амэрыканскі запраданец, быў апрануты ў храбусткі плашч афіцэра СС, які тады мне падаваўся цэрэушным. Але гэта яшчэ трэць бяды, бо абгледзеўшы сцэну ў амэрыканскай школе, раптам заўважыў, што і сам я,
як і маё тадышняе, на ўсё жыцьцё, каханьне таксама апранутыя ў трохі зацяганыя, але вельмі скураныя і вельмі фашыстоўскія мундзіры афіцэраў СС! Вядома ж, у іх сярпастыя малаткі ў пятліцах, толькі што я, спадкаемны бээсэсэрчук, не адрозьню эсэсаўскай вопраткі ад савецкага мундзіру?!

Зразумела, у падставе гэтай аблуды найперш быў эфэктны фасон. Так атрымалася, што ў паваенных фільмах пра вайну, пакуль савецкая і амэрыканская форма часоў Другой сусьветнай заставалася такой, як была раней, фашыстоўская зь фільму ў фільм рабілася ўсё больш моднай ды выкшталцонай. І што самае цікавае — той апгрэйд форме ўчынілі ня немцы (пасьля вайны яны наагул палічылі за лепшае не здымаць фільмаў пра вайну), тут збольшага ўвіхаліся кіношнікі краінаў-пераможцаў: галівудзкія кінастудыі і беларусьфільмаўцы. Камэдныя галіфэ пад нажніцамі спрактыкаваных менскіх і санта-барбарскіх касьцюмэраў спакваля ператвараліся ў штаны-элегантат, а нацыскія арлы, здавалася, сталі выштукоўваць з чыстай плаціны — гэтак яны зіхцелі ў кадры; да таго ж сцэнары парадкаваліся такім ладам, каб кожны другі нямецкі вайсковец апынаўся глянцавана-смаляным эсэсаўцам. Такім чынам, фашыстоўская лёгкая прамысловасьць маіх мрояў проста не хацела адставаць ад сусьветнай моды і з ног да галавы абшывала прывідных пэрсанажаў паводле сучасных стандартаў.

А на парэшту хачу рашуча зазначыць, што асабіста я не вінаваты ў жахах вайны, якая адбылася — слухай сьвет, уважліва — яшчэ да таго, як я нарадзіўся. Пане мой Божа! Я нічога благога не зрабіў і з гэтага ня маю намеру занурвацца ў комплекс уласнай віны ці нешта падобнае. А калі да мяне залішне прычэпяцца, дык я, дарослы зямлянін, скажу настояную на стагодзьдзях і правераную шматсотгадовым досьведам рэпліку: «Fuck you all!/Ды ідзіце вы ўсе!...». Цікава, каго мараць забіваць дзеці цяпер?

svaboda.org