Павел Ляхновіч і Віктар Сазонаў прэзентуюць кнігі — 11 снежня

11 снежня ў кнігарні "логвінаЎ" (пр. Незалежнасці, 37А) адбудзецца прэзентацыя кніг Паўла Ляхновіча "Зялёны дуб" і Віктара Сазонава "Сандалі мітрапалітыка". Спецыяльны госць — Зміцер Бартосік. Пачатак у 18.30.

Павел Ляхновіч — пісьменнік, перакладчык, журналіст — раскажа пра сваю кнігу мастацкай прозы, куды ўвайшлі аповесць, апавяданні, навелы. Спадар Павел прадстаўляе літаратуру Берасцейшчыны, друкаваўся ў літаратурных выданнях Беларусі, Польшчы, Украіны і Расіі. Аўтар двух зборнікаў апавяданняў.   

Кніга Віктара Сазонава выдадзеная ў серыі "Гарадзенская бібліятэка". Віктар Паўлавіч па адукацыі — гісторык, сёння — журналіст, публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч. Аўтар кнігі "Занатоўкі кантрабандыста", перакладзенай на польскую мову. У новым выданні спрабуе апісаць, згадаць і адрэфлексаваць "незвычайную эпоху, у якой жылі звычайныя людзі. Эпоху, дзе за плячамі засталося мноства няздзейсненых мараў і безліч нявырашаных пытанняў. Можа, таму так шмат пакутлівага плачу ў сучаснай беларускай прозе". Гісторыі пра сацыяльнае жыццё канца 1980-х, навелы з іранічна-гумарыстычным і ў той жа час сур'ёзным асэнсаваннем тагачаснай рэчаіснасці і дзейных асобаў — герояў не толькі мінулага, але і цяперашняга, і будучыні. 

Імпрэза ладзіцца ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!"

 

Прэсавая служба СБП