Пайшоў з жыцця Алег Аблажэй

Зусім нядаўна, 6 траўня, яму споўнілася 62 гады. Алег Аблажэй – нараджэнец вёскі Лезнявічы, што на Дзятлаўшчыне. Займаўся жывапісам, акварэллю, ілюстраваў кнігі.

У яго афармленні ў Беларусі выйшлі творы В. Жуковіча «Гуканне вясны», Д. Бічэль-Загнетавай «Гараднічанка», у Маскве — «Шведскія казкі» Э. Хэмінгуэя, «Сербская паэзія», у Вільні — «Казка пра Султана» і інш.

У 1984—1986 гг. у Літве выдадзена серыя канвертаў з партрэтамі літоўскіх дзеячаў, аформленая Алегам Аблажэем, а таксама серыя паштовак. Маляваў таксама партрэты вядомых дзеячаў, краявіды. Любімай яго тэмай была жанчына ў фантастычных строях і проста жанчына. Яго працы выстаўляліся неаднаразова ў Літве, Польшчы, Нямеччыне, Эстоніі, Латвіі, Беларусі.

У Літве імя Алега Аблажэя вядома не толькі як мастака, але і як грамадскага дзеяча. Ён прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці «Саюдзіса», супрацоўнічаў з беларускімі арганізацыямі Вільні. Быў чальцом рады Таварыства беларускай культуры і суполкі мастакоў краін Балтыі «Маю гонар».

Алег Аблажэй доўгі час супрацоўнічаў з Беларускім Радыё Рацыя. На яго інтэрнэт-старонцы аўтар меў свой блог. Усе яго фельетоны можна пачытаць тут. Ён меў шмат творчых планаў, задумак. Радаваўся вясне, квітнеючай прыродзе, ды, на жаль, усё абарвалося. Але будуць жыць яго творы:

„І верыць, і баяцца, і прасіць

Ты будзеш, хоць і ведаеш, што нельга,

І хадакі жалезныя насіць,

І жыць, нібыта ў свеце паралельным,

І з вернай да апошняга сястрой

Надзеяй не разлучышся ніколі,

І будзеш ты змагацца сам з сабой

Самотным воінам у чыстым полі…”

Алег Аблажэй

Беларускае Радыё Рацыя