Пайшоў з жыцця Змітрок Куніцкі

Ён вельмі любіў жыццё, - згадвае пра свайго калегу наваполацкая пісьменніца Ірына Жарнасек:

- Мне здаецца, ён вельмі арганічны быў – вельмі любіў слова, любіў полацкае слова. Будучы пенсіянерам, выдаваў кніжкі за свае грошы, у наш час. Для яго гэта было вельмі дорага. Ён вельмі цаніў кошт беларускага слова. Гэта чалавек, які проста моцна любіў жыццё.

Змітрок Куніцкі нарадзіўся ў 1929 годзе на Расоншчыне. Пасля сямі класаў паступіў у мастацкае рамеснае вучылішча ў Рызе. Служыў у паветраных войсках. Пасля службы вярнуўся ў родны Полацак. Працаваў маляром, аператарам на заводзе шкловалакна, загадчыкам пастаноўчай часткі і дэкаратарам пры Полацкім народным тэатры.

Першы верш напісаў у 1947 годзе. Першы надрукаваны з’явіўся ў армейскай газеце ў 1955 годзе. Выдаў шесць кніг прозы і паэзіі. Апошняя з іх “Выбранае” – пабачыла свет у Полацкім кніжным выдавецтве сёлета.

Цырымонія развітання адбудзецца 2 кастрычніка а 13-й гадзіне. Пісьменніка пахаваюць на полацкіх "Лясных" могілках.

Паводле racyja.com

Выказваем спачуванні блізкім.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".