Пайшоў з жыцця ўкраінскі пісьменнік Віктар Баранаў

Віктар Баранаў, фота ualit.org.

Віктар Фёдаравіч Баранаў нарадзіўся 14 кастрычніка 1950 года на Палтаўшчыне. У 1974 годзе скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта ім. Т. Шаўчэнкі. Працаваў у выдавецкай сферы.

З 1983 года Віктар Баранаў быў сакратаром Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны, а 19 лістапада 2011 г. быў абраны старшынёй НСПУ. Віктар Баранаў таксама быў галоўным рэдактарам літаратурнага часопіса «Кіеў» і віцэ-прэзідэнтам Таварыства «Украіна-Румынія». Лаўрэат мастацкай прэміі «Кіеў» у галіне мастацкай літаратуры ім. Яўгена Плужніка, прэміі ім. О. Гірныка, Міжнародных літаратурных прэмій «Трыумф» і «Сад набожных песень» ім. Г. Скаварады (2007), літаратурна-мастацкай прэміі ім. М. Кацюбінскага.

Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, празаічных твораў, перакладаў, літаратурна-крытычных, публіцыстычных і мастацтвазнаўчых публікацый.

Беларускія чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з аповесцю Віктара Баранава “Прытула” ў перакладзе Валера Стралко, што быў апублікаваны летась у 64-м нумары часопіса “Дзеяслоў”.

 

Прэсавая служба СБП