Пайшоў з жыцця паэт Віталь Гарановіч

Сёння не стала сябра ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Віталя Рыгоравіча Гарановіча, паэта і педагога. Сябры ГА СБП глыбока смуткуюць з нагоды смерці свайго калегі і выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім паэта.

Віталь Рыгоравіч быў добра вядомы на сваёй радзіме – Глыбоччыне. Вось што піша рэгіянальны сайт westki.info пра шаноўнага Віталя Рыгоравіча:

“Віталь Гарановіч – гэта цэлая эпоха, чалавек, на якім трымалася трэцяя школа. Пры ім яна была сапраўды беларускай.

Гэтымі днямі ля школы спілавалі вялікія таполі, якія раслі там шмат гадоў, і якія памятае не адна генерацыя выпускнікоў школы. Гэтыя спіленыя таполі – нібы сімвал таго, што школа гэтая ўжо зусім не такая, як была. І цяпер гэтая навіна… жахлівае супадзенне, канешне.

Віталь Рыгоравіч – гэта не толькі цудоўны педагог, арганізатар, але і беларускі паэт, патрыёт свайго горада і Беларусі. Цяжка даць веры, што яго ўжо больш няма сярод нас. Шчырыя спачуванні родным і блізкім, усім тым, хто яго ведаў і любіў”.

westki.info