Пайшоў з жыцьця Сяржук Вітушка

Сёньня раніцай у віленскай лякарні памёр Сяржук Вітушка, сябар СБП, колішні лідэр маладзёвага руху, кіраўнік легендарнай менскай «Талакі», гісторык і пэдагог, аўтар казак для дарослых і дзяцей.

Сяржук нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Чысьць Маладачанскага р-ну. Скончыў гістфак БДУ. Аўтар шматлікіх публікацыяў на тэмы маладзёвага руху, аховы помнікаў, краязнаўства. З 1991 году жыў у Вільні, працаваў у беларускай школе, на радыё і тэлебачаньні. Страціўшы зрок, не спыніў актыўнае дзейнасьці, у прыватнасьці, арганізоўваў «сьляпыя экскурсіі» для беларусаў па старажытнай сталіцы ВКЛ, шмат пісаў казак, п'ес-батлеек і вершаў. У 2011 годзе выйшла яго кніга «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!».

Паводле запавету, пахаваны Сяржук будзе на радзіме.

Алег Аблажэй: «Ён быў ідэалістам»

Алег Аблажэй — мастак, грамадзкі актывіст

«Мы ўжо даўно ведалі, чым гэта можа скончыцца і куды вядуць справы. Але ўсё роўна прыгатавацца да такога складана. Усё адно гэтая навіна была для нас нечаканай. Гэта быў чалавек — ідэаліст, які спрабаваў жыць у далёка не ідэальным сьвеце ідэальнымі меркамі. І ад гэтага меў многія праблемы ў сваім жыцьці. Увогуле ягонае жыцьцё можна акрэсьліць такім прызабытым цяпер словам „гераізм“. Як ён змагаўся ў апошнія гады са сваімі бедамі і хваробамі, ніколі не скардзячыся ні на што. Я яго ведаў не адзін дзясятак гадоў, але ані разу ня чуў ніводнага слова скаргі. І мы заўсёды хадзілі набірацца аптымізму менавіта да Вітушку. Гэта быў найбольш аптымістычны чалавек з усёй нашай нешматлікай грамады.

Думаю, што ягоныя „Казкі“ застануцца. Яны адпавядаюць нашаму часу. У наш час, калі надта многа рознага бруду, яны ўражваюць неверагоднай чысьцінёю ўнутранай. Можа, наіўнасьцю. Казкі і павінныя быць чыстымі і наіўнымі. Ён і сам быў такі — чысты і наіўны. Хай яму будзе пухам родная зямля».


Сьвятлана Манько: «Вітушка роўны Кастусю Каліноўскаму»

Сьвятлана і Вінцэсь Манько — актывісты «Талакі», прымалі ўдзел у стварэньні Канфэдэрацыі беларускіх суполак. Вінцэсь Манько шмат гадоў аддаў музэю ў Заслаўі — месцу традыцыйных збораў талакоўцаў.

Вінцэсь Манько: Я ўбачыў гэтага чалавека — такога сьветлага, з такой добрай беларускай мовай — і гэта мяне прыцягнула да «Талакі». Не было б «Талакі», ці быў бы я беларусам. І людзей, якія прайшлі праз школу «Талакі» вельмі шмат. Талака — гэта пачатак беларушчыны ў маім жыцьці. Чытаю сёньня ўспаміны Сяржука Вітушкі: толькі дзякуючы яму «Талака» існавала ў гэтыя гады.

Сьвятлана Манько: Думаю, што ён нялёгкую працу ўзьняў на свае плечы. У той час такіх адважных людзей мала было. Адкрыта ствараць нешта для Беларусі, для моладзі, мала хто наважваўся. Калі зараз існую «рэжымная» пэдагогіка, то мы, дзякуючы Сяржуку Вітушку прайшлі нацыянальнае выхаваньне. Для мяне Вітушка мае станоўчы вобраз нацыянальнага героя, роўнага Тадэвушу Касьцюшку і Кастусю Каліноўскаму. Бо паўстаньне Беларусі не ў рэвалюцыйным змаганьні, а ў духоўным адраджэньні. Свабода —усярдзіне нас. Тое, што для нас зрабіў Сяржук Вітушка і ўся Талака, мы працягваем так і жыць, выхоўваем дзяцей, і сталі зусім іншымі людзьмі. Адзін за адным сыходзяць лідары адраджэньня. Гэта ўжо ня першая страта. Толькі за гэты год вельмі шмат сыйшло людзей. Смуткуем, спачуваем удаве Сяржука Людвіцы, бо яна хрышчоная маці нашай дачкі Ўршулі. Разумеем, як ёй і дачцэ Паўліне будзе цяпер цяжка. Бо гэта вялікая страта для ўсёй Беларусі.


Сябра Сержука Вітушкі Сяргей Дубавец:

«Сяржук – адзін з маіх улюбёных аўтараў, зь якім мы разам працавалі ў 1990-я гады і ў «Нашай Ніве», і пазьней на радыё «Балтыйскія хвалі» і кнігі складалі, чаго толькі не рабілі. Усе ведалі, што ён моцна хварэе, але цяпер я бачу, што роля гэтага чалавека ў беларускім руху зусім не асэнсаваная, яго немалая творчая спадчына яшчэ не перагледжаная. Ведаю, што ён пакінуў нам шмат сюрпрызаў у сваіх пакуль нявыдадзеных творах, таму я асабіста зь Сержуком не разьвітваюся».

 

svaboda.org

 

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выказвае шчырыя спачуваньні родным і блізкім Сяржука Вітушкі.