Перакладчык Алексіевіч: "Гэта складаней чытаць, чым перакладаць"

Перакладчык твораў Святланы Алексіевіч на польскую Ежы Чэх расказаў пра супрацу з пісьменніцай.

У Польшчы выйшаў чарговы пераклад кнігі Святланы Алексіевіч, гэтым разам “Чарнобыльскай малітвы”. Перакладаў нашумелую кнігу познаньнскі перакладчык Ежы Чэх. За папярэдні пераклад, кнігу “У вайны не жаночы твар”, Алексіевіч і Чэх атрымалі самую прэстыжную літаратурную прэмію Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы “Angelus”. Кніга стала падзеяй у Польшчы і здабыла іншую прэстыжную ўзнагароду – прэмію імя Р. Капусьцінскага.

“Чарнобыльская малітва” выдавалася ў Польшчы і раней, але гэта быў непрафесійны пераклад з кепскай рэдактурай. У той версіі яна называлася “Крык Чарнобылю”. Тым не менш, кніга і тады стала вядомай.

Ежы Чэх расказаў пра свой перакладчыцкі працэс.

Е. Чэх: Ведаеце, складаней чытаць, чым перакладаць. Я маю на ўвазе фактуру, тое, пра што яна піша. Часам гэта настолькі жахлівыя рэчы, што перакладчык гэта перажывае больш, чым чытач. Бо я, перакладаючы, мушу падрабязна сабе ўявіць, як гэта выглядала. Калі чытаеш пра тое, што жанчына ў партызанскім атрадзе топіць сваё дзіця, каб яно не выдала атрад, то гэта ўспрымаецца нашмат мацней, чым іншыя тэксты.

Цяпер Ежы Чэх перакладае чарговую кнігу С. Алексіевіч “Апошнія сведкі”. Гэта кніга пра дзяцей вайны.

Е. Чэх: Яе аповеды сапраўдныя. Магчыма, яны аднабаковыя, але Алексіевіч прафесійна перадала іх сутнасць. Некаторыя дэталі проста ўнікальныя. Дзякуючы ім палякі могуць зразумець, як выглядала вайна для народаў былога СССР. Бо для палякаў гэта вельмі часта гэта нешта няўяўнае.

У Беларусі наконт Святланы Алексіевіч часта вядуцца спрэчкі: ці беларускую літаратура яна стварае, ці не савецкую літаратуру, альбо расейскую. А як гэта адчуў яе перакладчык?

Е. Чэх: Яна адчувае сябе беларускай, але гэта іншая Беларусь, не бел-чырвона-белая. Хаця гэта абсалютна не азначае, што яна супраць незалежнасці. У яе шмат савецкага чалавека, але няварта ўспрымаць гэта ў негатыўнай афарбоўцы. Яе кнігі – гэта аповесць пра савецкіх людзей, якія паверылі ва ўтопію. Яна хоча іх зразумець, можа, таму, што і сама хоча зразумець, кім жа яна насамрэч ёсць.

Дарэчы, пра карані. Дзед Ежы Чэха паходзіць з Беларусі. Ён вучыўся ў Ігуменскай гімназіі. Сёння гэты мястэчка Чэрвень. Сам Ежы Чэх кажа, што гэты эпізод сямейнай гісторыі моцна паўплываў на яго станаўленне і адыграў не апошнюю ролю ў тым, чым ён сёння займаецца.

 

radyjo.net