Перакладчыку Валеру Стралко прысуджана Міжнародная прэмія імя Грыгорыя Скаварады
Узнагароджанне адбудзецца 1 кастрычніка ў Кіеве.
Раней гэту прэмію атрымлівалі беларускія пісьменнікі Сяргей Законнікаў і Ніна Мацяш.
Валер Стралко — сябра ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, вядомы шматлікімі перакладамі беларускай літаратуры на ўкраінскую мову і наадварот. Сярод перакладзеных ім беларускіх аўтараў — Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч ды інш.
Валер Стралко, фота art-s.by
Раней Валер Стралко ўжо атрымліваў літаратурныя ўзнагароды.
У 2003 г. ён быў узнагароджаны Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя Івана Франко за пераклады на беларускую мову твораў Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франко і сучасных украінскіх аўтараў, а таксама літаратурнай прэміяй імя Кандрата Крапівы за пераклад паэмы “Тарас на Парнасе” на ўкраінскую мову.
У 2006 г. узнагароджаны Нацыянальнай суполкай пісьменнікаў Украіны медалём "Ганаровая адзнака" за істотны ўнёсак у адраджэнне духоўнасці і асабістыя дасягненні ў літаратурнай творчасці.
Прэсавая служба СБП