Перакладчыцкую прэмію ўручаць 15 чэрвеня

15 чэрвеня ў кнігарні “логвінаЎ” ужо другі раз адбудзецца ўручэнне прэміі часопіса “ПрайдзіСвет” — за найлепшы літаратурны пераклад, надрукаваны ў 2010 годзе.

Уручэнне пройдзе ў трох намінацыях: 1) "Проза"; 2) "Паэзія"; і 3) "Публікацыя ў часопісе "ПрайдзіСвет". Сярод асноўных мэтаў, якія ставіць прэмія, — папулярызацыя беларускамоўнай перакладной літаратуры і падвышэнне ўзроўню перакладу на беларускую мову.

Шорт-ліст быў сфармаваны сябрамі рэдакцыі часопіса "ПрайдзіСвет", пераможцаў жа вызначыла шаноўнае журы, у склад якога сёлета ўвайшлі:

1) Лявон Баршчэўскі, перакладчык, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук;

2) Барыс Пятровіч, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў";

3) Марына Рагачэўская, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, выкладчык МДЛУ;

4) Людміла Рублеўская, паэтка, празаік, літаратурны крытык;

5) Аляксандр Фядута, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук;

6) Ганна Янкута, перакладчыца, лаўрэат Прэміі часопіса "ПрайдзіСвет" 2010 году.

 

Абвяшчэнне імёнаў найлепшых беларускіх перакладчыкаў адбудзецца 15 чэрвеня ў 19.00 у кнігарні “логвінаЎ” (пр. Незалежнасці, 37А).

 

Пасля імпрэзы чакаецца аўтограф-сесія пераможцаў і фіналістаў прэміі.

У шорт-лісты прэміі часопіса “ПрайдзіСвет” увайшлі наступныя пераклады:

 

Проза:

1) Антон Францішак Брыль: "Каваль з Вялікага Вутану" Дж. Р.Р. Толкіна, казка (пераклад з ангельскай).

2) Вольга Калацкая: "Мужчына і хлопчык" Тоні Парсанза, раман (пераклад з ангельскай), "Дзеяслоў", № 44-46.

3) Павал Касцюкевіч: "Бойня № 5" Курта Вонэгута, раман (пераклад з ангельскай).

4) Вольга Цвірка: "Папулярная музыка з Вітулы" Мікаэля Ніэмі, раман (пераклад са шведскай).

5) Марына Шода: "Правек ды іншыя часы" Вольгі Такарчук, раман (пераклад з польскай).

 

Паэзія:

1) Вольга Гапеева: вершы Сільвіі Плат (пераклад з ангельскай), "Дзеяслоў", № 49.

2) Марыя Мартысевіч: вершы Марыяны Кіяноўскай, Астапа Слівінскага, Алега Коцарава (пераклад з украінскай), "Дзеяслоў", № 46.

3) Віталь Рыжкоў: пераклады са зборніка "Дзверы, замкнёныя на ключы" (пераклады з ангельскай, польскай, грузінскай, украінскай моваў).

4) Андрэй Хадановіч: вершы Арцюра Рэмбо (пераклад з французскай), часопіс "ПрайдзіСвет", вершы Марьяны Саўкі, Андрыя Бондара, Дзмітра Лазуткіна (пераклад з украінскай), "Дзеяслоў" № 46

5). Макс Шчур: "Май" Карэла Гінэка Махі, паэма (пераклад з чэшскай), "Дзеяслоў" № 48.

 

Публікацыя ў часопісе "ПрайдзіСвет":

1) Наста Гвоздзева: "Марак" Фэрнанду Пэсоа, п’еса (пераклад з партугальскай).

2) Вераніка Мазуркевіч: "Дачка Ліліт" Анатоля Франса (пераклад з французскай).

3) Алена Пятровіч: "Каб падняць ружу" Анджэя Тшэбіньскага (пераклад з польскай), "Элегія пра персцень песні" Багдана-Ігара Антоныча (пераклад з украінскай).

4) Сяргей Сматрычэнка: "Блюз для блазнаватай дзяўчыны" Вацлава Граб’е (пераклад з чэшскай).

5) Юля Цімафеева: "Я быў адзіным паэтам прыроды" Албэрту Каэйру, вершы (пераклад з партугальскай).

prajdzisvet.org