Пераможцам першага гарадзенскага паэтычнага слэму стаў Валер Руселік

Такім быў першы паэтычны слэм «Вясна: Кахай па-гарадзенску!», у якім узялі ўдзел паэты Ала Петрушкевіч, Святлана Куль, Ганна Аўчыннікава, Святлана Якімава, Валер Руселік, Анатоль Брусевіч, Антон Янкоўскі і Артур Камароўскі.

Кожны з паэтаў меў для выступу роўна 5 хвілін. Час пільна адсочвала вядучая Хрысціна Марчук.

Пранікнёныя вершы пра каханне ад выкладчыцы Гарадзенскага ўніверсітэта Алы Петрушкевіч змяніліся эмацыйным выступам Святланы Куль, гарадзенскай прафесаркі, якая лічыць сябе маладой паэткай. Анатоль Брусевіч схаваўся ад прысутных, надзеўшы акуляры і зрабіўшыся падобным да Тэрмінатара. Астатнія хлопцы, што выступалі перад прысутнымі, выбралі традыцыйны спосаб дэкламавання. Вось толькі выступ Валера Руселіка, гарадзенца, які ўжо працяглы час жыве ў Варшаве, адрозніваўся. За пяць хвілін ён агучыў і верш для дзяўчат пра Наташу, і верш пра каханне ў Гародні, і невялікі сцёб з Аляксея Шоты.

Пераможца вызначаўся народным галасаваннем. Кожнаму з прысутных выдаваліся паперкі, якія трэба было кінуць у кубкі, што стаялі на прыступках аднаго з будынкаў. Па выніках галасавання пераможцам аказаўся Валер Руселік, які пасля ўручэння прызоў сказаў пару словаў для «Будзьма беларусамі!»

— Першы гарадзенскі слэм быў для мяне першым пазітыўным досведам слэму ўвогуле. Раней слэм я папросту цярпець не мог, бо там людзі крыўляюцца і займаюцца абы-чым: форма адназначна пераважае над зместам. У нас атрымалася інакш. Гэта была сяброўская вечарына, не вельмі падобная да слэму. Хай яна засведчыць нараджэнне новага адгалінавання ў слэме — гарадзенскі слэм.

Апроч гэтага ў вечарыне ўзялі ўдзел прадстаўнікі старэйшага пакалення. Невялікай гісторыяй падзялілася гарадзенская паэтка Данута Бічэль, якая расказала пра паэзію ў савецкія часы, а прафесар Аляксей Пяткевіч у канцы мерапрыемства ўручыў пераможцу падарунак, падрыхтаваны арганізатарамі слэму — ГА «Цэнтр «Трэці сектар». Апроч гэтага кожны з паэтаў атрымаў падарунак ад «Гарадзенскай бібліятэкі».

 

Андрэй Мялешка

Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі

budzma.org