«Перавыбранае» Рыгора Барадуліна (вершы)

У яго ўвайшло роўна сто вершаў, якія адлюстроўваюць увесь творчы шлях нашага выдатнага паэта – ад дэбютнага зборніка “Маладзік над стэпам” (1959) да апошняе, пасмяротнае кнігі “У неба пехатою” (2014). “Перавыбранае” выходзіць на пачатку лютага і будзе прадстаўленае на кніжным кірмашы і міжнародным паэтычным фестывалі “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова. Вось некаторыя з вершаў, што ўвайшлі ў кніжку.

Памытая падлога

Толькі што памытая падлога

Пачынае пахнуць борам густа.

Зноў, здаецца, слухаеш падоўгу,

Як звіняць галін сасновых гуслі.

Млосна ад малін у расцяробах.

Дзяцел грукне ў цішыні чмялінай.

Выцірайце ногі.

Асцярожна!

Вы ступаеце па вершалінах!..

***

Пад высветленымі дубамі

Салодкімі смягне губамі

Пасека —

класіка.

Маладое сена

Расе на

Паспытак

Растрэсена —

экспрэсія.

Дыхае Белавеж

Спакойна,

як белы верш.

***

Загрузлі ў травах
Сноў грузавікі,
Што везлі ў дамавінах галашэнне.
А ў партызанскім краі павукі
Дагэтуль вяжуць сеткі,
Як мішэні.

Паступовасць

Цялят паслухмянасці

Ноч заганяла ў хлявы.

За душу самагубцы

Спрачаліся чэрці.

У салдата з прастрэленай галавы

Выцякала думка аб смерці…

Толькі адно

Мы ўсмак наеліся эрзацу

І наслужыліся панам.

На мове роднай

Агрызацца —

Адно,

Што засталося нам!

***

Нагам вязка,

Рукам носка,

На плячох вязка,

У вачах казка,

На душы боска, –

Сябе ўспамінае

Зніклая вёска.

Адказ

Навошта ў куфрах хаваць уборы,
Пытае этнограф,
А бабка ў гуморы
Адказвае:
На клады
Мусім накіравацца
У апратцы
Сваёй жа працы,
Каб нас пазналі дзяды…

Паразуменне

Сабакі бяздомныя хінуцца да жабракоў.

Сабака скалечаны разумее калеку.

Сабакі –

Нашчадкі наіўных ваўкоў,

Якія паверылі чалавеку…

***

Можа, не трэба было,

Можа, не трэба, можа…

Толькі наслаў святло

Ты, літасцівы Божа,

Каб сасляпіла мяне

Грэшнаю спёкай цела,

Думаў, што абміне,

Толькі не праляцела

Міма тое крыло,

Што асланяе гожа.

Значыць, наслаў святло

Ты недарэмна, Божа!

Варажу на Вялікай Кітайскай сцяне

На Вялікай Кітайскай сцяне,

Ад самога сябе далёкі,

Ці забыла мяне,

Ці не?

Варажу –

Абрываю аблокі…

Парыжскае пахмелле

Насцярожанасць настаўляе каўнер.

Страх у турму ідзе без канвою.

На стале бутэлька шампанскага,

Як Апалінэр

З забінтаванаю галавою…

Не ўтаіцца

Жыццё

З такімі хітрымі вачыма,

Што ад яго ўтаіцца

Немагчыма!

***

Вечар цеціву
Напяў наўпрост.
Пастарэла гамана гарластая.
Ад стралы застаўся толькі хвост –
Ластаўка…

***

Яшчэ заспанаму лесуну

Ледзяшынка за пазуху лезе.

Марудна спяшае ў вясну

Лес па калені ў снезе…

***

Можна глядзець бясконца,

Як год мяняе свой код,

Як зябка ўзыходзіць сонца,

Як мыецца рыжы кот…

***
Сон дасынае курган.
Снедае змрокам груган.
Ловіць туман трапяткі
Раніца ў дзве ракі…

Ные…

Белабокая, як сарока,

Аблачына

Прысела на слуп.

Недзе ў небе заспаным

Ные глыбока

Самалёт,

Як вырваны зуб…

Пошук

Гукае рэха сонную саву.

Нясмела

Цені ў лазняку зніцелі.

А капялюш шукае галаву,

З якой у вырай

Думкі адляцелі…

***

А я, пасівелы дзядоўнік,

Стаю пры апошняй вярсце.

Яшчэ на зямлі я назоўнік,

А мне ўжо займеннік расце.

***
А свечкі ўсе васковаабавязаныя
І ўсе павінны ў воску адслужыць,
І ўсе адной суровай ніткай звязаныя,
Як доляй той,
Што з полымем дрыжыць.

Па крапіве, па лотаці, па блёкаце
Са старасветчыны ступае страх.
Самаасвечаны стаіць на покуці
Васковы посах у апошні шлях.

Збіраюся

Збіраюся ў вушацкія мясціны…

Не прасыхаюць там у сумным мосце

Таксама, як і п’яніцы, масціны

І па-старэчы бёрнам ломіць косці.

Я думаю,

Калі туды вярнуся,

Сустрэне ўсё, як некалі, такое.

І я ўсміхнуся

Смела ў вочы скрусе,

Схаваўшы смех,

Як яблык, за шчакою…

Рыгор Барадулін. Перавыбранае. Укладальнік Андрэй Хадановіч. Серыя “Паэты планеты”. Мінск, Колас, 2017.

budzma.by