“Першапачатак” — прэзентацыя календара і ўрачыстае адкрыццё фотавыставы да юбілею Саюза пісьменнікаў адбыліся ў Мінску

Злева направа ўверсе: Барыс Пятровіч, Антаніна Хатэнка, Анатоль Вярцінскі; пасярэдзіне: Аксана Данільчык, Аксана Спрынчан, Міхась Скобла; унізе Леанід Дранько-Майсюк, Генадзь Бураўкін, Алесь Пашкевіч.

Вядучы імпрэзы, паэт, памочнік Старшыні ГА “Саюза беларускіх пісьменнікаў” Усевалад Сцебурака павітаў усіх прысутных і перадаў слова Барысу Пятровічу — празаіку, Старшыню СБП, галоўнаму рэдактару часопіса “Дзеяслоў”:

— Наступны год стане для ўсіх беларускіх пісьменнікаў і чытачоў юбілейным. У чэрвені 1934 года адбыўся І з’езд Саюза пісьменнікаў, і сённяшняя выстава, а таксама выхад календара “Першапачатак” распачынаюць святкаванне гэтай значнай падзеі. Як вядома, 23 красавіка 1932 года выйшла пастанова ЦК ВКПб, і цягам двух гадоў ішла падрыхтоўчая і арганізацыйная праца па стварэнні пісьменніцкай арганізацыі. Ля вытокаў нашага саюза стаялі класікі літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Лынькоў, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Пятрусь Броўка і дзясяткі іншых літаратараў. 

Злева направа: Ірына Хадарэнка, Валеры Дубоўскі

За доўгую гісторыю арганізацыя мела розныя назвы: і Саюз пісьменнікаў БССР, і Саюз пісьменнікаў Беларусі, і Саюз беларускіх пісьменнікаў, але заўсёды ў яго ўваходзілі самыя лепшыя беларускія літаратары. Можна пералічаць сотні імёнаў, і нельга не згадаць Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Васіля Быкава, Міхася Стральцова, Алеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча, якія ёсць гонарам беларускай літаратуры, чые творы складаюць залаты фонд нашага прыгожага пісьменства, уваходзяць у школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі.

За гэты час 19 беларускіх пісьменнікаў атрымалі ганаровае званне Народных, больш за 100 — лаўрэаты дзяржаўных прэмій Беларусі, 10 сталі акадэмікамі НАН Беларусі, 60 — дактарамі і кандыдатамі навук, многія атрымалі пачэсныя званні ў галінах культуры і навукі, але не гэта, канечне, галоўнае. 

Важна тое, што яны пакінулі па сабе творы, якія сёння перакладаюцца на розныя мовы свету. За апошнія гады на розныя замежныя мовы — англійскую, нямецкую, французскую, літоўскую, украінскую, рускую, польскую ды іншыя — перакладаліся творы і Васіля Быкава, і Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Някляева, Святланы Алексіевіч. І не проста перакладаліся, але і ўдзельнічалі ў прэстыжных міжнародных прэміях. Сёлета Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам прэміі нямецкіх кнігавыдаўцоў і французскіх медыя, летась атрымала ганаровую прэмію Angelus. Уладзімір Някляеў сёлета атрымаў прэмію Фінскага ПЭН-Цэнтра, а летась атрымаў шведскую прэмію імя Тухольскага, Уладзімір Арлоў стаў Еўрапейскм паэтам Свабоды. Цяжка пералічыць усе важкія падзеі з удзелам нашых творцаў. Сёння больш за 400 літаратараў у шэрагах ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Напрыканцы свайго выступу Барыс Пятровіч падзякаваў усім тым, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі і выдання календара — самім удзельнікам, аўтару ідэі Ірыне Хадарэнка, выдаўцу і фотамастаку Валерыю Дубоўскаму, усяму калектыву, які працаваў над праектам. А таксама партнёрам — газеце “Комсомольская правда в Беларуси” і кампаніі “Будзьма!”, выдавецтву “Юніпак”, Лагойскаму выканкаму, музеям народнай творчасці, дзе праходзілі здымкі календара. Асобная падзяка адрасаваная Нацыянальнаму гістарычнаму музею, у прыватнасці, яго дырэктару Алегу Рыжкову, за магчымасць правядзення фотавыставы.

Барыс Пятровіч перадаў у фонд Нацыянальнага гістарычнага музея асобнік календара “Першапачатак” з аўтографамі пісьменнікаў-удзельнікаў праекта.

Ірына Хадарэнка распавяла пра канцэпцыю праекта, які рэалізоўваўся цягам двух гадоў, пра яго міфалагічны падмурак, і выказала надзею, што ён будзе працягвацца.

— У назву “Першапачатак” укладзеная пераемнасць пакаленняў, даніна павагі нашым папярэднікам. У міфалагічных вобразах зашыфраваны код нацыі, таму яны абраныя невыпадкова. Здымкі праводзіліся ў звычайных умовах — у вясковай хаце, у лесе, у полі, каб максімальна наблізіцца да натуральнасці, да рэальнай беларускай зямлі, — патлумачыў выдавец, паэт і фотамастак Валеры Дубоўскі.

Унікальныя экспанаты з асабістых архіваў Васіля Быкава і Ніла Гілевіча

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін не змог прысутнічаць на імпрэзе, але напісаў прывітальны экспромт:

“І рупіць мне, дамавіку, падаць наступніку руку”, — ліст календара з фотаздымкам дзядзькі Рыгора ў вобразе хатніка і аўтографам быў перададзены ў фонды Нацыянальнага гістарычнага музея.

Творцы Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі ў сваіх выступах звярнуліся да гісторыі Саюза беларускіх пісьменнікаў, да юбілею арганізацыі. Спадар Анатоль прачытаў верш памяці рэспрэсаваных у 1930-я гады літаратараў, згадаўшы трагічныя старонкі нашай гісторыі. Павіншаваў усіх сябраў СБП са святам Радзім Гарэцкі.

Вядучы Усевалад Сцебурака адкрывае імпрэзу

Падзяліліся сваімі ўражаннямі ад календара “Першапачатак” пісьменніцы Антаніна Хатэнка, Аксана Спрынчан, Аксана Данільчык. “Лесавік” Леанід Дранько-Майсюк і “лазнік” Міхась Скобла прачыталі ўласныя вершы і расказалі пра вобразы, якія яны ўвасаблялі ў календары. Выступіў таксама пісьменнік, літаратуразнаўца, першы намеснік Старшыні СБП Алесь Пашкевіч.

Кожны выступоўца атрымаў у падарунак каляндар, а таксама торбачку з сімволікай Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Музычную частку прэзентацыі забяспечыў фольк-гурт Alta Mente.

Фотавыстава “Першапачатак” і экспазіцыя да юбілею СБП у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 12) прымаюць наведнікаў з 21 лістапада да 8 снежня. Уваход па квітках у музей, які працуе штодзень з 11.00 да 19.00. Тэл. для даведак па выставе: 327 43 22, 327 00 05.

Каляндар "Першапачатак" — эксклюзіўны праект, выйшаў абмежаваным накладам. Набыць яго можна будзе толькі ў Мінску ў кнігарнях "Логвінаў" (пр. Незалежнасці, 37А), "Акадэмкніга" (пр. Незалежнасці, 72), "Веды" (вул. К. Маркса, 36), "Кніжны салон" (вул. Калініна, 5), а таксама на выставе "Мир книг" на вул. Я. Купалы, 27 (справа ад уваходу)

Тэкст Віка Трэнас

Фота і відэа Алена Казлова

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"