Першая пастаноўка паводле «Часу сэканд-хэнд» — у Магілёве

У Беларусі гэта — першая пастаноўка паводле кнігі вядомай пісьменьніцы. Паставіў спэктакль актор магілёўскага тэатру Ўладзімер Пятровіч. Напярэдадні рэжысэр-пастаноўшчык адказаў на пытаньні беларускай Свабоды.

З Уладзімерам Пятровічам гутарым у ягонай грымёрцы. У спэктаклі, кажа суразмоўца, тры маналёгі, узятыя з твору Сьвятланы Аляксеевіч «Час сэканд-хэнд». Падзеі адбываюцца ў Савецкім Саюзе, у перабудову:

«Гэта маналёгі людзей пра час, сябе, пра сытуацыі, у якія яны траплялі і якія рабілі іх альбо мацнейшымі, альбо ламалі».

Рэжысэр-пастаноўшчык заўважае, што твор Сьвятланы Алексіевіч выдаўся няпростым для спэктакля. Дужа ён эмацыйны. Некаторыя актрысы, кажа суразмоўца, напачатку не вытрымлівалі і зрываліся на плач. Ён жа ўзяўся за пастаноўку, бо ня мог заставацца абыякавым да тых падзеяў, якія адбываюцца вакол нас усіх.

«Тое, што адбываецца ва Ўкраіне, у Расеі, тое, што Расея робіць адносна ўсяго сьвету, — на гэта ўсё я не магу глядзець абыякава. Я хачу пра гэта гаварыць. Зводкі з Украіны — яны бударажаць нармальных людзей і не пакідаюць іх абыякавымі, але большая частка людзей чамусьці лічыць гэта ўсё нармальным, і іх чамусьці бальшыня. І пасыл нашага спэктакля — да іх таксама: «Спыніцеся, падумайце, зірніце вакол сябе сваімі вачыма, ня тымі, якімі хочуць, каб вы бачылі сьвет».

Уладзімер Пятровіч

Уладзімер Пятровіч

Уладзімер Пятровіч зазначае, што ў яго няма настальгіі па часах зьніклай савецкай эпохі. Не разумее тых, хто зь ёй жыве. Прызнаецца, што за савецкім часам быў піянэрам, камсамольцам (прымусілі ўступіць, калі служыў у войску), верыў у тое, пра што казалі, але не заўжды гэта разумеў. Праўда пра «імпэрыю зла» да яго даходзіла пакрысе. Для яго і ягонага героя ў спэктаклі гэтая праўда — адкрыцьцё, ад якога жахаесься. І цяпер тая эпоха вяртаецца, кажа актор:

«Цяпер ідзе вяртаньне, і прычым даволі бравае. І гэта страшна. Мы рабамі засталіся. А другая рэч, якую я лічу не апошняй і пра якую кажа мой герой: мы не пакаяліся ўва ўсім учыненым. Раб і непакаяньне — гэта страшная сумесь. Сьвятлана Алексіевіч называе гэта „чырвоным чалавечкам“. Вось ён, чырвоны чалавечак, азлоблены і ў якога ёсьць яшчэ кнопка». <...>

Уладзімер Пятровіч працуе ў Магілёўскім тэатры 34 гады. Паставіў 15 разнаплянавых спэктакляў. Перавагу аддае драматычным тэмам. Пастаноўку «Час сэканд-хэнд» зьбіраўся вывезьці ў Маскву на фэстываль, аднак мяркуе, што там яе не гатовыя будуць успрыняць адэкватна.

svaboda.org