Першы лаўрэат прэміі імя Карласа Шэрмана — Якуб Лапатка

У не надта спрыяльнае для культурніцкай дзейнасці надвор'е некалькі дзясяткаў чалавек сабралося ў мінскім Прэс-клубе, каб паслухаць, хто стане лаўрэатам ажно трох літаратурных прэмій. Беларускі ПЭН-Цэнтр уручаў дзве свае традыцыйныя прэміі — імя Алеся Адамовіча і Францішка Багушэвіча. У той жа час абвяшчалі і першага лаўрэата прэміі імя Карласа Шэрмана ў галіне мастацкага перакладу.

Прэмію імя Францішка Багушэвіча раздзялілі два аўтары. Прафесар з Гродна, гісторык Святлана Марозава была ўганаравана за кнігу “Сваёй веры ламаць не будзем…”: супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780 – 1839 гады)” (Гродна, 2014), а намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзяніс Лісейчыкаў – за кнігу “Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства (1596 – 1839)” (Мінск, 2015). У сваім выступе пісьменнік Уладзімір Арлоў адзначыў, што "час ужо гаварыць не пра адраджэнне гістарычнай свядомасці беларускага народа, а яе ўмацаванне, пра кнігі, якія ўмацоўваюць нашу незалежнасць". Журы засяродзілася на тэме ўніяцтва і вызначыла двух лаўрэатаў, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у даследаванне гэтай тэмы. Святлана Марозава некалькі дзясяткаў гадоў займаецца тэмай уніяцтва, а фундаментальнае энцыклапедычнае даследаванне Дзяніса Лісейчыкава было ўручана самім аўтарам Папу Рымскаму Францішку падчас аўдыенцыі ў Ватыкане.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча ўручаецца прафесару Святлане Марозавай з Гродна

Дзяніс Лісейчыкаў — лаўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча

Прэмію імя Алеся Адамовіча атрымаў Уладзімір Арлоў за кнігу “Імёны Свабоды” (Мінск, 2015).

Ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Уладзмір Някляеў узнагароджвае Уладзіміра Арлова прэміяй імя Алеся Адамовіча

Літаратурная прэмія імя Карласа Шэрмана ў галіне мастацкага перакладу была заснаваная Дабрачынным фондам "Вяртанне", ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і ГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр" у 2016 годзе.

Першы шорт-ліст прэміі імя Карласа Шэрмана выглядаў наступным чынам:

1. Павел Касцюкевіч з перакладам з ангельскай мовы кнігі Дугласа Адамса “Аўтаспынам па галактыцы” (Логвінаў)

2. Францішак Корзун з перакладам з ангельскай мовы кнігі Клайва Стэйплза Льюіса “Лісты Круцяля” (Галіяфы)

3. Якуб Лапатка з перакладам з фінскай мовы кнігі “Калевала” (Зміцер Колас)

4. Алесь Пяткевіч з перакладам з польскай мовы кнігі Сяргея Пясецкага “Багам ночы роўныя” (ТАА «Гайсак»)

5. Сяргей Сматрычэнка з перакладам з чэшскай мовы кнігі Іржы Кратахвіла “Ляжаць, шэльма!” (Логвінаў)

6. Юлія Сматрычэнка з перакладам з чэшскай мовы кнігі Патрыка Оўржэдніка “Еўрапеана. Кароткая гісторыя дваццатага стагоддзя” (Логвінаў)

Цырымонія ўзнагароджання пераможцы адбылася сёння ў дзень нараджэння Карласа Шэрмана – 25 кастрычніка ў памяшканні Прэс-клуба (вул.Веры Харужай, 3-601, ст.метро Пл.Якуба Коласа).

Валерыя Манковіч, прадстаўніца шортлістэра Паўла Касцюкевіча

Ганаруецца перакладчык Сяргея Пясэцкага Алесь Пяткевіч

За Сяргея і Юлію Сматрычэнкаў дыпломы шортлістэраў атрымоўвае Алеся Сматрычэнка

Урэшце журы прэміі імя Карласа Шэрмана абвясціла імя першага лаўрэата. Ім стаў перакладчык фінскага эпасу "Калевала" Якуб Лапатка. Пераможца атрымаў чэк ад Фонду "Вяртанне" на суму, эквівалентную 2000 у.а.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"