Першы том са збору твораў Яўгеніі Янішчыц прэзентавалі ў Магілёве

Гэта выданне, якое пабачыла свет у выдавецтве “Беларуская навука”, — першы грунтоўны збор твораў таленавітай беларускай паэткі і перакладчыцы.

Асноўную частку матэрыялаў для выдання сабралі і падрыхтавалі яго ўкладальніцы — дацэнт Інстытута мовы і літаратуры Святлана Калядка і магілёўскі літаратар і паэт Тамара Аўсяннікава.

Тамара Аўсяннікава

У першы том увайшлі вершы з першых пяці зборнікаў Яўгеніі Янішчыц, успаміны яе сваякоў і родных, сяброў і землякоў, аднакласнікаў і настаўнікаў. І, вядома, яе калег-літаратараў. Адмыслова для гэтага выдання вельмі грунтоўна былі сабраны і апрацаваны біяграфічныя звесткі, як жыццёвыя, так і перыяду творчай дзейнасці паэткі.

Аўтары зборніка нават правялі самае сапраўднае і глыбокае даследаванне радаводу Янішчыц, бо паходжанне яе прозвішча — асобная і цікавая старонка біяграфіі Яўгеніі.

Не самі па сабе размешчаны ў кнізе і вершы — кожны твор суправаджаецца каментарыем-паясненнем, невялічкім разборам і аналізам. Увогуле, сам зборнік, які будзе ўключаць чатыры тамы, вельмі цікавае і незвычайнае выданне. Акрамя ўзгаданых і, трэба сказаць, не зусім тыповых для збору твораў матэрыялаў пра аўтара, наступныя выданні плануецца яшчэ дапоўніць мультымедыйнымі дыскамі з запісамі вершаў у выкананні самой Яўгеніі Янішчыц, альбомам песень на словы паэтэсы ў выкананні Таццяны Беланогай, фільмамі і відэаматэрыяламі пра жыццё і творчасць паэтэсы.

Само выданне зроблена надзвычай якасна і прыгожа, яно атрымалася вельмі прывабным па дызайне, мае крыху павялічаны фармат у параўнанні са звычайнай стандартнай кнігай, не кажучы ўжо пра паэтычныя прыжыццёвыя зборнікі вершаў. Нават колер вокладкі з выявай маленькай птушкі-ластаўкі і партрэтам Яўгеніі без усялякіх рамак нагадвае той вобраз “непрыручанай птушкі Палесся”, які ёй далі за ўзнёсласць, незвычайнасць і недасяжную вышыню вершаванай думкі.

Алесь Сабалеўскі.

Фота аўтара