Першую ў Беларусі прэмію ў галіне непрыдуманай літаратуры ўручылі ў Мінску

Сёлета спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння дзеяча беларускай эміграцыі Аляксандра Стагановіча і 20 гадоў з дня смерці яго жонкі Марыі. Іх дачка, мастачка Тамара Стагановіч-Кольба, якая жыве ў Нью-Ёрку, у памяць пра бацькоў ініцыявала стварэнне ў Беларусі першай літаратурнай прэміі, прысвечанай дакументальным, мемуарным і публіцыстычным жанрам.

Барыс Пятровіч і Сяргей Законнікаў

Арганізатары прэміі — Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, выдавецтва “Лімарыус”. Партнёрам выступіла кавярня Netto, дзе адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання.

Ніна Шыдлоўская

— З’яўленне прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў, першай літаратурнай прэміі ў галіне нон-фікшн — знакавая падзея ў культурніцкім полі Беларусі. Доўгі час гэтая галіна заставалася па-за пільнай увагай чытацкай супольнасці, звернутай традыцыйна да мастацкай літаратуры. Важна тое, што прэмія Стагановічаў з’яўляецца грамадскай ініцыятывай, запачаткаванай менавіта беларусамі замежжа. Такім чынам, мы імкнемся паяднаць нашых суайчыннікаў не залежна ад таго, дзе яны знаходзяцца, у адзінай гістарычна-культурніцкай каштоўнаснай сістэме, — зазначыла Старшыня Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская.

Наталля Гардзіенка

Як распавяла архівістка, даследчыца беларускай эміграцыі, кіраўніца секцыі нон-фікшн пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў Наталля Гардзіенка, якая ўзяла на сябе асноўны цяжар у арганізацыі прэміі, цягам дзевяці месяцаў аўтарытэтнае журы, куды ўвайшлі літаратуразнаўцы, грамадскія дзеячы, пісьменнікі, выдаўцы, разглядала пададзеныя на конкурс кнігі.

Уверсе, злева направа: сябры журы Прэміі Ціхан Чарнякевіч, Віктар Жыбуль; дырэктар выдавецтва "Лімарыус" Марына Шыбко; унізе: Аліна Федарэнка, Марына Шыбко; загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валер Герасімаў; Барыс Пятровіч і Сяргей Дубавец.

Сябры журы прэміі Віктар Жыбуль і Ганна Запартыка

Колькасць і якасць выданняў засведчылі пра актуальнасць непрыдуманай літаратуры: біяграфіі, мемуары, успаміны, дзённікі, эпісталярная спадчына, падарожныя нататкі, дакументальная проза, гуманітарныя даследаванні — усё гэта шырока адлюстроўвае жыццё беларусаў як на радзіме, так і за яе межамі.

Вядучы вечара Усевалад Сцебурака і Барыс Пятровіч

Сяргей Дубавец з узнагародай

— Слова “нон-фікшн” новае для нас, папулярнае і моднае, але сама па сабе непрыдуманая літаратура — дакументальная, навуковая, публіцыстычная — існуе даўно і, магчыма, доўгі час была недаацэненай. Нядаўна пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” была створана адпаведная секцыя, якую ўзначаліла Наталля Гардзіенка. З’яўленне прэміі імя Стагановічаў — наступны крок да сцвярджэння і далейшага развіцця гэтага віду літаратуры ў Беларусі, — лічыць Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч.

Сябры журы абвесцілі сёлетніх лаўрэатаў прэміі. Трэцяе месца аддадзена Андрэю Федарэнку за кнігу “Сечка” (Мінск: Галіяфы, 2012), другое — Генадзю Кісялёву (пасмяротна) за “Смак беларушчыны” (Мінск: Лімарыус, 2013).

Першае месца ў першай прэміі за непрыдуманую літаратуру атрымаў Сяргей Дубавец з выданнем “Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду” (Радыё Свабода, 2012).

Аляксей Крышталь і Павел Аракелян

Цырымонія завяршылася музычнай імправізацыяй Паўла Аракеляна і Аляксея Крышталя.

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org