Песні на вершы Багдановіча гучаць у тралейбусах Магілёва

Гэтая ініцыятыва Магілёўскага
таварыства беларускай мовы знайшла падтрымку і разуменне ў кіраўніцтва
Магілёўскага гарадскога камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Гарэлектратранспарт". Магілёўцам прапануецца паслухаць
пяць песень. Сярод іх такія вядомыя, як
"Зорка Венера", "Па-над белым пухам вішняў" і "Слуцкія
ткачыхі". Іх можна пачуць на самых запатрабаваных
маршрутах у тралейбусах пад нумарамі 2, 4 і 5. Песні у выкананні зорак
беларускай эстрады будуць гучаць штодня да канца гэтага тыдня.
Як адзначыў дырэктар
прадпрыемства "Гарэлектратранспарт"
Сяргей Манастырэнка, мэта гэтай акцыі вельмі простая - папулярызацыя беларускай
мовы і творчасці выдатнага паэта, 120-годдзе з дня нараджэння якога святкуе ў
гэтым годзе ўся Беларусь. У Магілёве з гэтай нагоды
прайшлі канцэрты, тэматычныя вечары паэзіі, творчыя сустрэчы, прысвечаныя
Максіму Багдановічу.
Актывісты гарадскога
таварыства беларускай мовы з нагоды юбілейнай даты таксама стварылі відэаролік,
які перыядычна з'яўляецца ў эфіры гарадскога тэлеканала "Магілёў-2" і
размешчаны ў сетцы Інтэрнэт.
Сяргей Кулягін