Пэтсан і Фіндус зноў у Мінску — 26 мая!

Шыкоўна ілюстраваныя гісторыі пра дзядулю Пэтсана і кацянятка Фіндуса, пераствораныя па-беларуску Надзеяй Кандрусевіч, пабачылі свет у серыі «Каляровы ровар» Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор» і ўжо чакаюць сваіх чытачоў на паліцах мінскіх кнігарняў.

Сімпатычныя і забаўныя героі Пэтсан і Фіндус, якія ажылі на старонках кніг шведскага аўтара, не маюць патрэбы ў прадстаўленні — яны вельмі папулярныя па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, і казкі пра іх пераствораныя больш чым на 30 моў. На нашай роднай мове выйшлі кнігі “Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды”, пасля — “Блінны торт” і «Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі» (усе пераклала Надзея Кандрусевіч).

А зараз серыя для дзяцей працягваецца чарговымі гісторыямі, з якіх юныя чытачы і чытачкі даведаюцца, як коцік Фіндус паляпшаў настрой дзядулі Пэтсана з дапамогай… рыбалкі (“Пэтсан сумуе”) і якім чынам героі адпужвалі ад сваёй хаты ласага да курэй ліса (“Паляванне на ліса”).

Прыходзьце на імпрэзу, будзе цікава!

Арганізатар — ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, партнёр грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” пры ўдзеле Амбасады Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"