Плошча татавай перамогі

І тут патрэбнае тлумачэнне, бо насамрэч кніга прозы, якая сабрала творы 2000-х, шмат у чым аўтабіяграфічная. Як можна, апісваючы выпадкі з уласнага жыцця, такія інтымныя перажыванні, заставацца ўбаку? Можна. Бо Анатоль Івашчанка, здаецца, зусім пазбаўлены эгацэнтрызму, і нават калі распавядае пра сябе – распавядае пра чалавека ўвогуле. Ён сам – толькі адзінкавы выпадак, прыклад, які так зручна апынуўся пад рукой.

Далёка не заўсёды аўтар прамаўляе ад першай асобы. Часцей за ўсё ў яго скуры апынаюцца “прыдуманыя” героі, прычым яны зусім і не Героі. Тут не сустрэнеш выключна станоўчага персанажа ці ўкаранелага мярзотніка. У пэўным сэнсе героі гэтыя — далёкія сваякі Раскольнікава. Корань пакуты ў іх адзін: сцвердзіць права. Але калі Раскольнікаў замахнуўся на звышчалавечае, то маленькія героі Івашчанкі ніяк не наважацца быць проста людзьмі, г.зн. выступаць супраць зла ў розных яго праявах (ад збіцця дзяўчыны-выпівохі ў двары да змагання з рэчаіснай антыўтопіяй). Нерашучыя, апанаваныя сумненнямі і страхамі, і душу іх раздзірае абмівалентнае стаўленне да рэчаў, датычна якіх жыццёва важна вызначыцца канчаткова. Паўстае нешта кшталту пытання “шклянкі”: герой напалову добры ці напалову кепскі?.. І якраз гэта выклікае сімпатыю: мы пазнаем у герою ўласныя слабасці і адчуваем яго незадаволенасць сабой, што стварае ілюзію, быццам бы мы самі – лепшыя.

Ваяўнічы падлетак, студэнт-філолаг, офісны супрацоўнік — усе яны знаходзяцца на мяжы пераадолення: ад спакою – да справядлівасці, ад страху – да ўчынка, ад ілюзорнай барацьбы, пустой растраты сілаў – да рэальнага кроку. Калі ж крок не ўдаецца, наступае шчырае пакаянне. 

Без гэтае праўдзівасці і глыбокай чалавечнасці апавяданні з раздзелу “Плошча Перамогі” лёгка ператварыліся б у палітычную канстатацыю. Тут – харошыя, тут – злыя. А дзе харошыя, там і Героі, там і скажэнне рэчасінасці. Канец словаў, працяг сацрэалізму. Але Анатоль Івашчанка піша пра людзей, а не “змагароў”. Больш за тое: некаторыя з герояў нават не ўсведамляюць, што жаданне “людзьмі звацца” нехта ўспрымае як крамолу і пагрозу стабільнасці. Якраз гэтая чалавечнасць дае “Анаталогіі” шанец перасягнуць мяжу злабадзённасці, пульсуючай крыўдай і абурэннем; шанец застацца цікавай чытачу, для якога нашыя рэаліі стануцца старонкай гісторыі – у нечым пацешнай, у нечым тужлівай. Уласна, як і проза Анатоля Івашчанкі.

Праўдзівасць захоўваецца не толькі ў адлюстраванні сучаснасці ці псіхалагічных партрэтах герояў, але і ў самой мове. Прыкладам, гутарку з “сынам палка”, адстаўным вайскоўцам, герой вядзе па-руску. Не заўсёды дыялогі перадаюцца на найбольш імавернай для таго ці іншага героя мове: маці-адзіночка размаўляе з сацработнікам па-беларуску, па-беларуску гавораць мясцовы начальнік і важны сталічны госць. Але тут аўтара няма ў чым папракнуць (калі вы ўвогуле да гэтага схільныя): патрэбнае ўражанне, адчуванне ціхай безвыходнасці створанае; абурэнне (найбольш частая для “Плошчы Перамогі” эмоцыя) выкліканае. Пастаянныя пераключэнні з адной мовы на іншую толькі заблытаюць чытача.

У імкненні Анатоля Івашчанкі да лаканічнасці можна ўбачыць мужчынскую нешматслоўнасць, уплыў паэтычнага мыслення… Урэшце, ён сам дае тлумачэнне: каб быць прачытаным сёння, трэба быць сціслым. Дзеля ўшчыльнення тэксту ён звяртаецца да іншамоўных выразаў, якія ў беларускім кантэксце нясуць выразную эмацыйную афарбоўку (“вакол вас дзясяткі разоў могуць здарацца цуды, а вы нават не зразумееце, що це було”); выказваючы стаўленне да пэўных рэчаў, перайначвае іх назвы (“Наша Віна”, “Зона Ха”, Карламарла, восенішча і процьма іншых). Усё гэта стварае яшчэ і камічны эфект – цёплае прывітанне чытачу і тэрапеўтычная мера (толькі са смехам распавядаючы пра рэчы далёка не вясёлыя можна застацца здаровым). Моўная сумленнасць не дазваляе празаіку замяніць словам стэрыльна-літаратурным слова выпінаста-жывое.

Прыналежнасць да філалагічнага воінства адбілася і на змесце кнігі: эсэістычныя развагі пра слова (“Зваротная форма”), замалёўкі з вядомага будынку на Карламарла (“таравываН”), рэдактарская самаіронія (“Гледачы”, “Чароўная крэйдачка”)...

У “грамадзянскай” часткі кнігі ёсць моцная процівага, якая не дазваляе аўтару (разам з яго чытачом) канчаткова даўзірацца ў бездань: процівага, пра якую праспявана “простыя словы, простыя рэчы”. Дзеці, жонка, дом, успаміны дзяцінства, хараство прыроды. Пры гэтым дзеці ствараюць свой, не такі ўжо маленькі, сусвет. Верагодна, так шмат увагі да дзіцячых станаў і перажыванняў Анатоль Івашчанка выяўляе праз тое, што з’яўляецца бацькам трох дзяцей. У “Хроніцы светлага часу” ён сведчыць на карысць гэтай тэорыі:  “Цалуючы сына перад сном, злавіў сябе на думцы, быццам цалую сам сябе. Ну, той быў у гарэзлівым настроі, і я быццам убачыў трохгадовага сябе на чорна-белых фотаздымках…”

Але найбольш пранізлівыя радкі ў “Анаталогіі” звязаныя з вельмі інтымным, хвалюючым перажываннем – прадчуваннем новага жыцця. Яны па-багдановічаўску трапяткія, шчымлівыя, і лішні раз даводзяць, што ў насмешлівым празаіку стоены выбітны лірык.

Наста Грышчук, для lit-bel.org