Піншчына адзначыла 65-годдзе Яўгеніі Янішчыц

Госці каля хаты Яўгеніі Янішчыц

Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел прадстаўнікі Пінскага райвыканкама, грамадска-палітычных арганізацый, творчай інтэлігенцыі рэгіёна, а таксама сваякі і сябры паэтэсы. Былі госці з Брэста і Магілёва.

Зала бібліятэкі імя Я. Янішчыц

Свята пачалося ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц. Больш за 100 гасцей прысутнічалі на канцэртнай праграме, дзе гучалі вершы Яўгеніі Янішчыц і творы ў аўтарскім выкананні сучасных паэтаў Піншчыны Марыі Кобец, Тамары Кейта-Станкевіч, Марыі Ляшук ды іншых.

Зала музея Я. Янішчыц у школе ў Парэччы

Са словамі падзякі выступіў Дзем’ян Лемяшэўскі, які шмат год працаваў у культуры. Ён узгадаў 90-я гады, калі на Піншчыне пачалі праводзіцца першыя паэтычныя святы, прысвечаныя знакамітай зямлячцы.

Выступае Тамара Аўсяннікава 

З Магілёва прыехала пісьменніца, сябра СБП Тамара Аўсяннікава. Яна падзялілася сваімі ўспамінамі аб сяброўстве з Яўгеніяй Янішчыц і паведаміла, што падрыхтавала да друку радавод паэтэсы, над якім шмат працавала.

Пасля завяршэння мерапрыемства ў бібліятэцы госці накіраваліся ў вёску Рудка, да хаты, дзе нарадзілася паэтэса. Тут выступілі старшыня Мерчыцкага сельвыканкама Ганна Піскун і старшыня Пінскай раённай арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Пётр Яромчык.

Завяршылася літаратурнае свята ў вёсцы Парэчча. Экскурсію па школе і музеі Я. Янішчыц правяла заснавальнік і дырэктар установы Антаніна Сідарук.

 

Дзмітрый Кісель

Фотаздымкі “Медыя-Палессе”