«Поўня» — новая кніга Леаніда Галубовіча

Кніга змяшчае найлепшыя вершы, напісаныя за трыццаць пяць гадоў, што ўваходзілі ў шэсць папярэдніх зборнікаў, а таксама “зацемкі з левай кішэні” з аднайменнага выдання, прысвечаныя літаратурнай дзейнасці.

“Зямная філасофія жыцця, зрытмізаваная сэрцам і зарыфмаваная душой” — так лаканічна, але глыбока пазначаецца ў анатацыі да новага зборніка, прымеркаванага да 65-гадовага юбілею аўтара.

Леанід Галубовіч нарадзіўся 12 жніўня 1950 года ў вёсцы Вароніна Клецкага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Грыцэвіцкай сярэдняй школы (1967) паступіў у Слуцкае ГПТВ-97. Служыў у Савецкай Арміі, працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі і Клецка. З 1977 года працаваў электрыкам у роднай вёсцы Вароніна. У 1987 годзе паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных праграм на БТ, у часопісе «Крыніца», у аддзеле крытыкі ў штотыднёвіку «ЛіМ».

Аўтар паэтычных зборнікаў «Таемнасць агню» (1984), «Споведзь бяссоннай душы» (1989), «Бусел без гнязда» (1989), «Таемнасць споведзі» (1993), «Заложнік цемры» (1994), «Апошнія вершы Леаніда Галубовіча» (2000), «З гэтага свету» (2012), а таксама кнігі мініяцюраў «Зацемкі з левай кішэні» (1998).

Леанід Галубовіч. Фота Зарыны Кандрацьевай, budzma.by 

“Адна з асаблівасцяў яго паэзіі – смеласць, бясстрашнасць, бескампрамісная сумленнасць у дачыненні да таго, пра што ён гаворыць”, — адзначаў у адным з выступленняў паэт Анатоль Вярцінскі пра Леаніда Галубовіча.

“Прыгожыя словы часцей за ўсё непраўдзівыя. Але — вабныя. Скарыстаўшы, забываеш іх, як злізаную цукерку… — піша аўтар у адной са сваіх мініяцюр. — Праўдзівыя словы — страшныя. Яны — трывалыя, цяжкія, непазбытныя. І менавіта на іх трымаецца свет, як дом на падмурку…”

***

Калі ўжо змогся клікаць Бога –

А то каго ж яшчэ было?! –

А ўжо ні знаку ад былога,

А толькі — цемра і святло…

 

І вось тады,

            як ты хіснешся —

У цёмны бок ці ў светлы бок —

І толькі з небам застанешся,

Якраз і з’явіцца твой Бог…

Леанід Галубовіч

Прэсавая служба СБП