Пра Дзеда Мароза, памяць і самавызначэнне


Злева направа: Кірыл Дубоўскі, Наста Манцэвіч, Андрэй Пакроўскі

Андрэй Пакроўскі, Наста Манцэвіч, Кірыл Дубоўскі і вядоўца вечара Ганна Янкута – гэтыя імёны ў Віцебску ведаюць, пэўна, нямногія. Але ж тыя, хто прыйшлі ў абноўленай культурнай хваробы, слухалі даволі зацікаўлена.

Падсерыя «Пункт адліку» выдаецца Саюзам беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы беларускага ПЭН-цэнтра. У ёй дэбютавалі такія аўтары як Анка Упала («Дрэва энталіпт»), Віялета Пачкоўская («Арэхападзенне»), Таццяна Скарынкіна («Книга для чтения вне помещений и в помещениях»), Кацярына Зыкава («Объяснительная»), Кірыла Анохін («Асцярожна, дрэвы зачыняюцца»). А хто яны – будучыя класікі ці выпадковыя творцы – пакажа час...

Ганна Янкута 

Акрамя таго, Ганна Янкута запрасіла прымаць удзел у конкурсе маладых крытыкаў імя Адама Бабарэкі, які ладзіцца ПЭН-цэнтрам. Калі вы маеце намер напісаць рэцэнзію, то – калі ласка. Работы прымаюцца ажно да 1 сакавіка 2014 года.

Сапраўды, крытыкаў у Беларусі, у параўнанні з маладымі празаікамі ды паэтамі, малавата. Ёсць незахопленая прастора, свабодная ніша. А калі высока ацэняць, то можна і нештачка атрымаць ва ўзнагароду.

Андрэй Пакроўскі 

Першым сярод маладых гасцей выступіў Андрэй Пакроўскі са зборнікам прозы «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза». Ён адразу шчыра прызнаўся: «Не ведаю, што сказаць пра гэтую кніжку. Яна даўно была напісана…». Сам я таксама шчэ не дабраўся да зборніка, але згодна з рознымі інтэрнэт-інфармацыямі ў ёй раскрываюцца тэма ровара, праблема кубка кавы і тралейбуса…

Наста Манцэвіч адзначыла, што некаторым тэкстам з кнігі «Птушкі», якую яна прэзентавала, дзесяць і нават больш год, таму эмацыйная сувязь ужо не тая, што раней. Дарэчы, акрамя прозы, у зборніку ёсць і вершы.

 

Наста Манцэвіч

З усяго агучанага Настай мне больш даспадобы быў аповед пра мінулае і пра тое, што з ім урэшце рабіць. «Спаліць у печцы», – прапаноўвае аўтарка. «Магчыма…» – думаю я.

Нягледзячы на тое, што кніга Кірылы Дубоўскага называецца «Хороший роман», як раз рамана вы на яе старонках не знойдзеце, а толькі невялічкія аповяды. Пра складаныя працоўныя дні ў офісе, пра родную беларускую мову, пра першыя спробы літаратурнай працы… Карацей, набывайце і знаёмцеся. Дарэчы, Кірыл паказаў, што творчы чалавек – творчы заўсёды: ён адпісаў уражанні ад шляху да Віцебска і яго непасрэднага наведвання, што можна пачытаць у яго блогу на ЖЖ ці LJ – як каму падабаецца.

Кірыл Дубоўскі 

Пытанняў у віцебскіх аматараў літаратры не было, таму ўсе спакойна разышліся па дамах.

Што сказаць пра асабістае ўражанне ад твораў маладых пісьменнікаў, хаця б тых, што былі агучаныя на сустрэчы? Хм-хм… Пэўна, варта прыняць усё ж такі ўдзел у прапанаваным Ганнай Янкутай конкурсе і даслаць некалькі рэцэнзій. Вядома, я асабліва ні на што не прэтэндую, але-але… Вы, спадарства, таксама не лянуйцеся і не саромцеся, а далучайцеся да кагорты маладых беларускіх крытыкаў. Стымуляваць – справа добрая і патрэбная.

Кірыл Дубоўскі нарадзіўся ў 1983 годзе ў Мінску. Фіналіст конкурсаў маладых літаратараў да стагоддзя газеты «Наша ніва» (Мінск, 2007), Слово.doc (Мінск, 2009), імя Ларысы Геніюш (Мінск, 2010). Аўтар кнігі«Хороший роман» (Логвінаў, 2012).

Наста Манцэвіч нарадзілася ў горадзе Вілейка, дзе пражыла першыя 16 гадоў. Вучылася ў Мінску на эканамічнай спецыяльнасці. Аўтар кнігі «Птушкі» (Логвінаў, 2012).

Андрэй Пакроўскі нарадзіўся ў Горадні, цяпер жыве ў Мінску. Лаўрэат конкурсаў беларускага ПЭН-цэнтра. Аўтар кнігі апавяданняў «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза» (Логвінаў, 2012). У 2013 годзе кніга трапіла ў лонг-ліст прэміі імя Ежы Гедройца, а таксама шорт-ліст прэміі «Дэбют».

Ганна Янкута нарадзілася ў 1984 годзе ў Гародні. Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ (беларуская філалогія), магістр філалагічных навук (англійская літаратура). Перакладчыца. Перакладае з ангельскай, польскай, афрыкаанс, нідэрландскай.

Тэкст і фота: Алесь Замкоўскі

vitebsk4.me