"Пра Кастуся". Гістарычны комікс па матывах твораў Караткевіча пабачыў свет

“Пра Кастуся” — так называецца кніга. Малюнкі і афармленне зробленыя маладым мастаком і музыкантам Уладзімірам Дрындрожыкам. Куратар гэтага ўнікальнага праекта — паэт, літаратуразнавец Анатоль Івашчанка.

Як вядома, п’еса Караткевіча была напісаная да стагоддзя паўстання. Стваральнікі комікса лічаць, што “ніхто не раскрыў вобраз Кастуся Каліноўскага настолькі добра, як Караткевіч”. Падчас працы над выданнем яны карысталіся гістарычнымі сведчаннямі, тагачаснымі гравюрамі і выявамі, а таксама наробкамі сучасных рэканструктараў падзей паўстання.

Безумоўна, коміксы — выдатная форма папулярызацыі беларускай гісторыі, прычым цікавыя яны могуць быць і дарослым, і дзецям.

 

“Лічу, што першы блін у нас выйшаў не комам. Пэўных ідэй пакуль няма. Але нават вось гэты комікс з 26 старонак фармату А4 патрабуе працягу. Ён сканчаецца шматкроп’ем. Прычым сюжэт не сканчаецца паразай Каліноўскага (гэта была такая прынцыповая задача ад пачатку – не завяршыць усё павешаннем на Лукішках). У прынцыпе, комікс сканчаецца перамогай, што гістарычна не можа быць рэальным фіналам”, – распавёў Анатоль Івашчанка на сайце eurobelarus.info.  І дадаў, што сюжэты пра Каліноўскага могуць быць увасоблены і ў іншых жанрах: “Я чуў пра вельмі сімпатычную ідэю  — стварэнне мюзікла “Пра Кастуся”. Не ведаю, хто яе рэалізоўвае і на якім усё зараз этапе. Але вельмі не хацелася б, каб гэта засталося толькі ідэяй”.

Комікс выйшаў пры падтрымцы ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”,  а таксама ў межах кампаніі “1863”, якая ажыццяўляецца пры падтрымцы Міжнароднага кансорцыуму “ЕўраБеларусь”.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"