Пра каштоўнасці і каштоўныя камяні – прэзентацыя «Сямі камянёў»

“Вечар распачала неверагодная Кацярына Ваданосава, гралі музыкі – дзве гітары, цымбалы, флейта. Урыўкі з рамана чыталі акцёры Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык і Сяргей Рудзеня, і наогул было так атмасферна, што маё дзіця пачало чытаць першае беларускае высокае фэнтэзі проста ў электрычцы. І гэта ўлічваючы наяўнасць рыдара з Гары Потэрам у мамінай сумцы”, – дзеліцца ўражаннямі літаратурны аглядальнік velvet.by Ганна Севярынец.

“Аляксей Шэін аказаўся харызматычным аўтарам і вядоўцам; дасціпна, нязмушана, без залішняга пафасу, але ўзнёсла расказаў пра каштоўнасці і каштоўныя камяні, пра мары і мэты”, – піша адна са стваральніцаў сайта dzietki.org Крысціна Вітушка.

Удзельнікі прэзентацыі мелі магчымасць паўдзельнічаць у віктарыне на веданне літаратуры і мовы, прыдумаць слоган, які заахвочваў бы людзей чытаць беларускую літаратуру, а таксама выйграць цікавыя прызы кампаніі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і атрымаць аўтограф аўтара на памяць.

Для дзяцей былі арганізаваныя асаблівыя забаўкі: майстар-клас па вырабе кніжных закладак ад Таццяны Крыцкай і Віталя Саболькі (ініцыятыва “Альтанка для чытанкі”), акрамя таго дзеткі маглі сфатаграфавацца з дзіцячымі рыцарскімі даспехамі і ўпрыгожаннямі для юных дам.

Аўтар, пішы яшчэ!

Болей фота глядзіце тут

Наталля Кабелка, фота Яўген Ерчак